Справа пра забарону кіраўніку "Платформы" выезду за межы Беларусі будзе разглядацца ў ААН
Справа кіраўніка інфармацыйна-асветнай установы "Платформа" Андрэя Бандарэнкі па факце абмежавання яму выезду за межы Рэспублікі Беларусь будзе разглядацца вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека.
Пра гэта ІАУ "Платформа" паведамілі ў Фондзе дамоў правоў чалавека ў Жэневе.
Справа Бандарэнкі была ўзнятая 11 мая падчас пасяджэння Камітэта ААН супраць катаванняў з прадстаўнікамі недзяржаўных арганізацый. У найбліжэйшы час камітэт падрыхтуе меркаванне па гэтай справе.
Акрамя гэтага, спецдакладчыка па становішчы праваабаронцаў праінфармавалі пра націск на Бандарэнку, што выразілася ў перашкаджанні яму выязджаць за межы Беларусі.
Нагадаем, 15 сакавіка ў пункце мытнага кантролю "Брэст-Цэнтральны" Андрэй Бандарэнка быў зняты з цягніка Мінск — Варшава. Як патлумачыў супрацоўнік пункта мытнага кантролю, яму адмоўлена ў выездзе за межы Беларусі.
Як паведамілі дырэктару "Платформы" ў падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі Кастрычніцкага РУУС, адмова звязаная з "ухіленнем ад яўкі на мерапрыемствы па прызыве на вайсковую службу, службу ў рэзерве".
Пасля атрымання адказу падраздзялення па грамадзянстве і міграцыі, Бандарэнка звярнуўся ў ваенкамат па месцы жыхарства, дзе яму паведамілі, што ніякіх позваў аб праходжанні службы ў рэзерве яму не накіроўвалася.
Атрымаўшы афіцыйны адказ з ваенкамата па месцы жыхарства Бандарэнка звярнуўся па тлумачэнні ў Міністэрства абароны, якое пераадрасавала яго ў МУС.
20 сакавіка Бандарэнка падаў у суд на дзеянні МУС і Мінабароны, якія абмяжоўваюць яму выезд за межы Рэспублікі Беларусь.
Суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Алена Сямак, якой была перададзеная ў вытворчасць заява Андрэя Бандарэнкі, дагэтуль не прызначыла дату разгляду заявы ў судовым пасяджэнні, паведамляе ІАУ "Платформа".