Мікалай Карышаў з “Граніта” змагаецца за аднаўленне на працы
Намеснік старшыні "гранітаўскай" суполкі незалежнага прафсаюза Мікалай Карышаў абараняе сваё права на працу ў Лунінецкім раённым судзе.
Ён змагаецца за зняццё дысцыплінарных спагнанняў па тэхніцы бяспекі, з-за якіх быў звольнены з працы.
Сп. Карышаву, які працаваў люкавым у чыгуначным цэху пагрузкі, у віну ставяцца парушэнні тэхнікі бяспекі, якія выяўляюцца ў тым, што ён не падстаўляў тармазныя башмакі пад восі грузавога возу.
Аднак, па словах юрыста-праваабаронцы Уладзіміра Малея, Карышаў не мог выканаць гэтае правіла бяспекі. У судзе было ўстаноўлена, што, па-першае, наймальнік не праводзіў з люкавымі заняткаў па выкарыстанні башмакоў, і, па-другое, башмакі прыкаваныя да сцяны тросам, даўжыня якога не дазваляе дацягнуць іх да восей возу. Таму, як сказалі чатыры сведкі, башмакамі карыстацца папросту немагчыма і імі ніхто не карыстаецца і зараз. Праваабаронца лічыць, што суд павінен узяць гэта пад увагу, зняць спагнанні і вынесці прыватнае азначэнне аб неналежным выкананні наймальнікам абавязкаў па тэхніцы бяспекі.
Сам Мікалай Карышаў упэўнены, што звольнены за актыўную грамадскую дзейнасць. Гэта пацвярджаюць і запалохванні звальненнем сведкі Віталя Пашэчкі, якія распачаліся праз месяц з боку начальніка чыгуначнага цэха пагрузкі Віктара Курыловіча. Дарэчы, з гэтай нагоды Пашэчка накіраваў заяву на імя пракурора Лунінецкага раёна.