Беларускія ўлады не выканалі ніводнага рашэння Камітэта ААН па правах чалавека.
Пра гэта заявіў кіраўнік Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла, каментуючы нядаўні даклад пра парушэнні правоў чалавека ў свеце, прадстаўлены беларускім МЗС.
Правы чалавека парушаюцца ўсюды, дзе ёсць сутыкненні інтарэсаў грамадзяніна з дзяржавай, кажа праваабаронца. У краінах Еўропы такія выпадкі разглядаюцца рознымі ведамствамі, скаргамі грамадзян займаюцца суды, усё гэта становіцца галосным. Беларускія ўлады, наадварот, ігнаруюць рашэнні міжнародных арганізацый, у тым ліку ААН, якія тычацца выканання правоў чалавека.
«Грамадзяне краін, якія ўваходзяць у Раду Еўропы, звяртаюцца ў Страсбургскі суд па правах чалавека са скаргамі і, дарэчы, часта выйграюць справы. Практыку гэтых судоў акурат і выкарыстоўвае ў сваім дакладзе МЗС Беларусі. Але МЗС не згадаў пра тое, што аналагічнымі правамі ў Камітэце ААН па правах чалавека карыстаюцца грамадзяне Беларусі. Ужо больш за 20 рашэнняў, якія пацвярджаюць парушэнне правоў грамадзян з боку Рэспублікі Беларусь, але ніводнае з іх не выканана», - заявіў Гары Паганяйла.
Беларусь упершыню падрыхтавала такі даклад. Падобныя таксама робіць Расея, Кітай і ЗША. Не выключана, што новы міністр замежных спраў вырашыў заняць атакавалую пазіцыю, лічыць Паганяйла. З ім пагаджаецца і праваабаронца Уладзімір Лабковіч, паколькі даклад беларускага МЗС вельмі падобны на расейскі па структуры і накіраванасці.
«На жаль, у Беларусі не адзінкавыя выпадкі парушэння правоў, якія выявіў МЗС у сваім дакладзе, а сістэматычныя парушэнні. Думаю, новы міністр падгледзеў такое ноў-хаў у Расеі, калі не можаш адказаць на прэтэнзіі і пераходзіш на ўзровень рыторыкі «сам дурань», - сказаў Уладзімір Лабковіч.
Нагадаем, некалькі дзён таму беларускі міністр замежных спраў Уладзімір Макей прадставіў даклад МЗС, у якім гаворыцца аб парушэнні правоў чалавека ў 23 заходніх краінах.