Беларусы пішуць у ААН: трэба прымаць захады
Група беларусаў зьвярнулася ў Камітэт ААН па правах чалавека з заявай, у якой заклікае ААН прымусіць улады краіны выконваць міжнародныя абавязацельствы.
Аўтары заявы адзначаюць, што цягам апошніх гадоў Камітэт ААН у 36 выпадках зафіксаваў парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Аднак ніводнае з гэтых рашэньняў афіцыйны Менск не выканаў.
Аўтары звароту прапанавалі ААН пэўныя захады для вырашэньня сытуацыі.
Сярод тых, хто падпісаў зварот — былы судзьдзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў, экс-старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб, былы намесьнік старшыні Гомельскага гарвыканкама Віктар Карняенка, маці расстралянага Ўлада Кавалёва й іншыя.
Які сэнс зьвяртацца ў ААН, калі афіцыйны Менск ігнаруе яго рашэньні?Адзін з падпісантаў заявы Міхаіл Пастухоў сказаў карэспандэнту Свабоды:
«Сэнс палягае ў тым, каб прыцягнуць увагу ўсясьветнай грамадзкасьці і ААН, што ў Беларусі ўсё больш становіцца рашэньняў Камітэта ААН, якія ігнаруюцца ўладамі. Па нашых дадзеных, ёсьць ужо 36 такіх рашэньняў, якія адкінуты ўладамі ў доўгую скрыню. Мы мяркуем, што гэта патрабуе адпаведнай ацэнкі і трэба прымаць нейкія рашэньні. І што абмеркаваць гэту сытуацыю павінен не толькі сам Камітэт ААН па правах чалавека, але і датычныя да гэтага арганізацыі, у тым ліку і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ, спэцдакладчык ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаш Харашці. Мы разьлічваем, што запросяць некага, хто падпісаўся пад гэтым зваротам. Трэба неяк паступова вырашаць гэтае пытаньне. Ёсьць мэханізмы ў ААН, якія прымушаюць дзяржаву выконваць свае міжнародныя абавязацельствы. Бо сытуацыя ўжо перайшла рысу, якая зьяўляецца небясьпечнай. То бок ужо патрэбна нешта вырашаць. Бо грамадзяне ўжо, фактычна, не спадзяюцца на тое, што звароты ў адзіную міжнародную інстанцыю, якая забясьпечвае справядлівасьць, могуць даць нейкі сэнс».