На сесіі Савета ААН па правах чалавека будзе заслуханы даклад па Беларусі
27 мая ў
Жэневе пачынае працаваць 23-я сесія Савета ААН па правах чалавека. На парадку
дня 4 чэрвеня — абмеркаванне справаздачы спецыяльнага дакладчыка па Беларусі Міклаша Харашці.
У пачатку
мая тэкст даклада быў апублікаваны на сайце Савета па правах чалавека (СПЧ)
ААН.
Дакумент рэкамендуе беларускім уладам неадкладна і без усякіх умоў вызваліць з
турмаў усіх палітычных апанентаў, праваабаронцаў і актывістаў.
Харашці зазначае, што сітуацыя з палітзняволенымі выклікае глыбокую
занепакоенасць. "Умовы іх утрымання ў турмах разам з інфармацыяй аб
псіхалагічным і фізічным націску могуць быць расцэнены як неналежнае ўтрыманне,
а іншым разам і як катаванні", — гаворыцца ў дакладзе.
Ураду Беларусі рэкамендавана прыняць меры для ліквідацыі ўсяго, што перашкаджае
актыўнаму ўдзелу грамадскіх няўрадавых арганізацый і апазіцыйных партый у
палітычным жыцці краіны, а таксама гарантаваць непрадузятае прымяненне законаў
на практыцы.
Апрача таго, афіцыйнаму Мінску рэкамендавана актывізаваць працу парламенцкай
групы па вывучэнні пытання смяротнай кары, абнародаваць вычарпальную інфармацыю
пра ўжо прыведзеныя ў выкананне прыгаворы і неадкладна ўвесці мараторый на
смяротную кару з далейшай яе адменай.
Уладам рэкамендуецца таксама правесці расследаванне выпадкаў гвалтоўнага
знікнення некалькіх беларускіх палітыкаў і журналіста (Юрыя Захаранкі, Віктара
Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага), фактаў
пазбаўлення ліцэнзій і пераследу адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў справы аб
масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года, гарантаваць поўную
незалежнасць судовай сістэмы і суддзяў у Беларусі.
Спецдакладчык заклікае ўлады гарантаваць, што ўсе затрыманыя грамадзяне будуць
хутка інфармавацца аб прычынах затрымання і вылучаных абвінавачаннях, мець
бесперашкодны доступ да адваката. Пры гэтым рэкамендавана гарантаваць
абсалютную забарону на катаванні і іншыя віды неналежнага абыходжання з
затрыманымі.
Беларускім уладам таксама рэкамендавана забяспечыць абарону праваабаронцаў і
журналістаў ад пераследу, запалохвання і насілля, правесці поўнае і
непрадузятае расследаванне ўсіх такіх выпадкаў.
Харашці звяртае ўвагу СПЧ на тое, што так і не атрымаў магчымасці наведаць
Беларусь для азнаямлення з сітуацыяй на месцы, бо беларускія ўлады адмовіліся
супрацоўнічаць з ім. Пры падрыхтоўцы даклада, паведамляе спецдакладчык, у яго
адбыліся сустрэчы за межамі Беларусі з прадстаўнікамі апазіцыйных партый,
грамадскіх арганізацый, праваабаронцамі, журналістамі.
Да гэтай сесіі СПЧ арганізацыя "Міжнародная амністыя" выступіла са
спецыяльнай заявай, у якой канстатуе: зменаў у сітуацыі з правамі чалавека ў
Беларусі за 2012 год не адбылося. У краіне працягваліся парушэнні правоў
актывістаў грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў і журналістаў. Улады
парушалі правы грамадзян на свабоду выказвання, сходаў і асацыяцый,
выкарыстоўвалі супраць журналістаў, якія выступаюць з крытыкай уладаў, артыкулы
Крымінальнага кодэкса аб паклёпе і знявазе ў дачыненні да прэзідэнта.
Напярэдадні гэтай сесіі СПЧ група грамадзян Беларусі, парушэнне правоў якіх
пацвердзіў Камітэт ААН па правах чалавека, запатрабавалі выканання рэспублікай
яе міжнародных абавязацельстваў. Адпаведны ліст яны накіравалі ў Камітэт ААН па
правах чалавека, Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ,
спецдакладчыку Міклашу Харашці і міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею.
Паводле інфармацыі аднаго з заяўнікаў, праваабаронцы Леаніда Судаленкі, з пачатку 1990-х гадоў у камітэт ААН па правах
чалавека (КПЧ) паступіла ўжо прыблізна 150 індывідуальных зваротаў ад грамадзян
Беларусі. У 43 выпадках камітэт зафіксаваў парушэнні правоў і свабодаў,
абвешчаных у Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах. Яшчэ 74
звароты з Беларусі знаходзяцца на розных этапах разгляду. Ніводнае з прынятых
камітэтам рашэнняў беларускімі ўладамі не выканана.
27 мая арганізацыя "Сетка дамоў правоў чалавека" правядзе ў Жэневе
брыфінг аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Апрача таго, 31 мая і 6
чэрвеня Міжнародная федэрацыя правоў чалавека мае намер правесці абмеркаванне
сітуацыі ў Беларусі.