У ААН узнялі пытанне пра невыкананне Беларуссю і Расіяй рашэнняў гэтай аўтарытэтнай арганізацыі
5 чэрвеня ў рамках 23-й сесіі Рады па правах чалавека ААН Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) пры падтрымцы Human Rights Watch правяла брыфінг па невыкананні Беларуссю і Расіяй рашэнняў ААН.
Выступаючыя на ім праваабаронцы правялі паралель паміж становішчам у дзвюх краінах і падкрэслілі, што ААН павінна выступіць з рэзкай і неадкладнай крытыкай сітуацыі, калі імкліва звужаецца прастора для дзейнасці грамадзянскай супольнасці ў РФ. Інакш сітуацыя з выцісканнем праваабаронцаў з легальнага поля і крыміналізацыяй іх дзейнасці хутка дасягне сітуацыі ў Беларусі.
Падчас выступу на брыфінгу Валянцін Стэфановіч, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна", распавёў пра сістэматычнае ігнараванне Беларуссю дамоўных механізмаў ААН, у прыватнасці невыкананне рашэнняў Камітэта па правах чалавека ААН па індывідуальных зваротах грамадзянаў і рашэнняў Працоўнай групы па адвольных затрыманнях.
На фота: у цэнтры Саша Кулаева (FIDH), справа Валянцін Стэфановіч (ПЦ "Вясна")
Прадстаўнікі АДЦ «Мемарыял» распавялі пра маючы адбыцца на днях судовы працэс па абвінавачваннях у выкананні функцыі "замежнага агента" без належнай рэгістрацыі ў якасці такога ў рамках прадстаўлення ў ААН справаздачы ў Камітэт супраць катаванняў. Прадстаўнік ЛГБТ сеткі прадставіў справаздачу аб сітуацыі дзвюх ЛГБТ-арганізацый, якія таксама падвергліся судоваму пераследу, і распавёў і прасоўванне дыскрымінацыйнага закона, які забараняе "прапаганду гомасэксуалізму". Супрацоўнік асацыяцыі «Агара» падвёў вынікі пераследу НДА ў РФ і падтрымаў калег у патрабаванні да ААН адэкватна адрэагаваць на тое, што адбываецца ў святле хуткага і негатыўнага развіцця сітуацыі, каб пазбегнуць паўтарэння беларускага сцэнара, калі да меркавання ААН ужо даўно і адкрыта не прыслухоўваюцца.
Брыфінг выклікаў значную цікавасць, прысутныя на ім прадстаўнікі дэлегацый краін-удзельніц ААН змаглі задаць пытанні і пацвердзіць сваю гатоўнасць прыцягваць увагу ААН да ўзнятых пытанняў.