Экспертыза забароненай кнігі Бяляцкага адмененая Дзяржаўным мытным камітэтам... да новай экспертызы
Сябра Рады ПЦ “Вясна” Таццяна Рэвяка атрымала адказ на сваю скаргу з Дзяржаўнага мытнага камітэта. Яна абскарджвала парушэнні з боку службовых асобаў Ашмянскай мытні пры прызначэнні экспертызы сканфіскаванай у яе кнігі Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя Беларушчынай” і парушэнні “экспертнай камісіі”, якая прыйшла да высновы, што кніга “можа нанесці ўрон іміджу Рэспублікі Беларусь”.
Намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Сяргей Барысюк паведамляе: “ДМК Рэспублікі Беларусь пацвердзіў правамернасць дзеянняў службовых асобаў Ашмянскай мытні пры ажыццяўленні мытнага кантроля. Разам з тым, улічваючы Вашую нязгоду з заключэннем экспертаў, а таксама адсутнасцю канкрэтных высноваў экспертаў па пытаннях, пастаўленых Ашмянскай мытняй у рашэнні аб прызначэнні мытнай экспертызы, ДМК Рэспублікі Беларусь даручыў Ашмянскай мытні, кіруючыся артыкулам 143 Мытнага кодэкса Мытнага саюза арганізаваць у як мага больш кароткія тэрміны правядзенне паўторнай мытнай экспертызы… ДМК Рэспублікі Беларусь пацвярджае правільнасць прынятага Ашмянскай мытняй рашэння… і адмаўляе ў задавальненні Вашай скаргі”.
Навошта ўлады пайшлі на такую паўмеру? Калі не ўстаноўлена парушэнняў з боку супрацоўнікаў мытні, то ў сувязі з чым прызначаная паўторная экспертыза? Гэтае пытанне Таццяна Рэвяка ставіць у новай скарзе ў Дзяржаўны мытны камітэт.
“Мяне не задавальняе тое, што мытны камітэт не даў ацэнку дзеянням супрацоўнікам Ашмянскай мытні. Нібыта прызначэнне вось гэтай паўторнай экспертызы звязанае толькі з тым, што мне не спадабалася папярэдняя, а не з тым, што было парушана заканадаўства і ў парадку прызначэння экспертызы і ў парадку яе правядзення, - тлумачыць Таццяна Рэвяка. – Таму мая скарга накіравана якраз на тое, каб прадухіліць падобныя незаконныя дзеянні ў далейшым не толькі ў дачыненні да мяне, але і да іншых людзей, якія могуць апынуцца ў такой сітуацыі, не маючы дастатковага досведу, падрыхтоўкі ці ўпартасці, каб змагацца за тое, каб дзяржаўныя органы дзейнічалі згодна з законам, а не з чыімсьці жаданнем-нежаданнем ці тэлефоннымі званкамі… ”
У той жа час праваабаронца не выключае, што яе ўпартасць у дадзенай справе можа выклікаць агрэсіўную рэакцыю: “Стаіць пытанне пра экстрэмізм, якога не было выяўлена ў кнізе Алеся Бяляцкага згодна з папярэдняй экспертызай. Я не выключаю, і ў гэтым маё глыбокае апасенне, што будзе нейкі элемент помсты за вось гэтую ўпартасць і штосьці “экстрэмісцкае” будзе прыцягнута да ацэнкі гэтай кніжкі. Але я ўсё ж спадзяюся на здаровы сэнс”.
Разам з тым у перапісцы з Дзяржаўным мытным камітэтамТаццяна Рэвяка, хоць і патрабавала, але не атрымала адказу наконт ліста пра “акалічнасці справы”, які ў сваёй даведцы згадала “экспертная камісія”. Праваабаронца ў чарговы раз просіць даслаць ёй копію гэтага ліста, нейкім чынам паўплываўшага на лёс кнігі палітвязня Алеся Бяляцкага.
Нагадаем, 40 асобнікаў зборніка літаратуразнаўчых артыкулаў і эсэ “Асьвечаныя Беларушчынай” былі канфіскаваныя ў праваабаронцы Таццяны Рэвяка 3 ліпеня гэтага года на беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуску “Каменны Лог”, калі яна везла іх з Вільні ў Беларусь. Ашмянская мытня накіравала кнігу на экспертызу, перад якой былі пастаўлены пытанні пра наяўнасць у кнізе заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці альбо яе прапаганды; пра наяўнасць інфармацыі, якая б магла нанесці палітычную ці эканамічную шкоду дзяржаве альбо дзяржаўнай бяспецы, здароўю ці маральнасці грамадзянаў Беларусі. З 24 па 30 ліпеня “экспертная камісія” з двух навукоўцаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта праводзіла экспертызу, па выніках якой прызнала, што кніга “Асьвечаныя Беларушчынай” “можа нанесці ўрон іміджу Рэспублікі Беларусь”.