viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч звярнуўся ў Канстытуцыйны суд

2013 2013-11-27T12:50:29+0300 2013-11-27T16:24:36+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stefanovich_27.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Нагодай сталі выпадкі дыскрымінацыі грамадзянаў па моўнай прыкмеце – у краіне фактычна адсутнічае законатворчасць на беларускай мове. Гэта ўскладняе працэс абароны і адстойвання сваіх інтарэсаў для беларускамоўных грамадзянаў у судзе і іншых дзяржаўных органах.

Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч звяртае ўвагу Канстытуцыйнага суда, што беларускімі праваабарончымі арганізацыямі ўсё часцей фіксуюцца выпадкі дыскрымінацыі  грамадзянаў па моўнай прыкмеце. Закон Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” у новай рэдакцыі 13.07.1998 г. № 187-3 не ўтрымлівае гарантый роўнасці дзвюх дзяржаўных моваў і, па меркаванні Стэфановіча, супярэчыць арт. 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

“Мова судавытворчасці ў краіне паводле дзеючага заканадаўства ажыццяўляецца на беларускай і (альбо) рускай мовах, што на практыцы ў большасці выпадкаў прыводзіць да таго, што суды з удзелам прадстаўнікоў беларускамоўнай меншасці адбываюцца на рускай мове”, - адзначае ў звароце праваабаронца.

Праваабаронцы неаднаразова фіксавалі выпадкі, калі суддзі адмаўляліся весці працэс па-беларуску. Варта прыгадаць  адміністратыўны працэс над Генікам Лойкам, якога ў сакавіку 2013 года судзілі за несанкцыянаваны пікет у абарону беларускай мовы ля гімназіі №4 г.Мінска. Суддзя  Фрунзенскага раёна Людміла Лапо не толькі адмовілася сама весці працэс па-беларуску, але і забараняла адказваць па-беларуску ўдзельнікам працэсу. Суддзя Мінскага гарадскога суда Аляксей Бычко, які разглядаў касацыйную скаргу, адмовіўся весці працэс па-беларуску, спасылаючыся на арт. 2.11 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях, які нібыта дазваляе вядзенне працэсу на рускай мове.

Стэфановіч звяртае таксама ўвагу, што на прававым партале pravo.by немагчыма знайсці нарматыўна-прававыя акты на дзяржаўнай беларускай мове, рэсурс змяшчае бягучую інфармацыю на рускай і англійскай мовах, а тэксты нарматыўна-прававых актаў і законапраектаў размяшчаюцца на ім выключна на рускай мове.

Дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце супярэчыць не толькі нацыянальнаму, але і міжнароднаму заканадаўству. Так, згодна  з арт. 26 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах усе людзі роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную  абарону закона. У гэтых адносінах усялякага рода дыскрымінацыя павінна быць забаронена законам і закон павінен гарантаваць усім асобам роўную і эфектыўную абарону супраць дыскрымінацыі па якой бы там ні было  прыкмеце. Паводле вызначэння, якое даецца міжнароднымі нормамі права ў галіне абароны правоў чалавека, дыскрымінацыяй ахопліваюцца ўсялікія выключэнні, абмежаванні ці перавагі па пэўных прыкметах, у тым ліку і па моўнай прыкмеце.

Валянцін Стэфановіч звяртаецца ў Канстытуцыйны суд з просьбай прызнаць арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь “Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” не адпавядаючым арт. 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і прапанаваць Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь унесці змены ў гэты артыкул, заканадаўча замацаваўшы абавязак дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь выдаваць усе нарматыўна-прававыя акты (уключна з тэкстамі законапраектаў) на дзвюх дзяржаўных мовах – беларускай і рускай.

Зварот будзе накіраваны таксама ў Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Вярхоўны суд, Вышэйшы гаспадарчы суд, Савет Міністраў і прэзідэнту, якія паводле арт.116 Канстытуцыі маюць права накіроўваць прапановы ў Канстытуцыйны суд аб адпаведнасці законаў нормам Канстытуцыі.

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства