Лідзія Ярмошына: новых выбараў не будзе
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адмовілася праводзіць новыя выбары дэпутата Палаты прадстаўнікоў НС РБ у Крычаўскай выбарчай акрузе № 83. Падставай для адмовы ў правядзенні выбараў паслужыла тое, што паўнамоцты Уладзіміра Краўцова, абранага дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад гэтай выбарчай акругі, не спынены, таму ў Цэнтрвыбаркама няма прававых асноў для прызначэння выбараў дэпутата Палаты прадстаўнікоў замест выбыўшага ў дадзенай выбарчай акрузе.
Адпаведны адказ з ЦВК за подпісам старшыні Лідзіі Ярмошынай атрымаў напярэдадні Новага года былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе №83, грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч.
Нагадаем, што былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 Валерый Каранкевіч 22 снежня накіраваў заявы ў Палату прадстаўнікоў і Цэнтрвыбаркам. У заявах на імя старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі і старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай былы кандыдат у дэпутаты прапаноўваў у сувязі з адсутнасцю дэпутата Краўцава У. В. у выбарчай акрузе №83 прапанаваць яму скласці свае дэпутацкія паўнамоцтвы і правесці ўсе працэдурныя пытанні згодна заканадаўства і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка прызначыў Уладзіміра Краўцова старшынёй Гродненскага аблвыканкама, таму той, на думку Валерыя Каранкевіч, які спасылаецца на адпаведныя артыкулы беларускага заканадаўства, фактычна не можа выконваць свае дэпутацкія абавязкі ў Крычаўскай выбарчай акрузе №83.
“ З Цэнтрвыбаркама адказ даслалі хутка, аднак па зместу гэта фактычна адпіска, - выказвае меркаванне Валерый Каранкевіч. – Пры гэтым Лідзія Ярмошына нічога не піша па сутнасці майго зварота, дзе я прывожу дакладныя спасылкі на шэраг артыкулаў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”, з якіх ясна бачна, што Уладзімір Краўцоў не можа выконваць абавязкі дэпутата Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе №83. Гэта проста нейкі анекдот – губернатар Гродненскай вобласці застаецца дзеючым дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад усходу Магілёўскай вобласці.
Зараз буду чакаць, што мне адкажа старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, а пасля буду планаваць свае далейшыя дзеянні. Не выключана, што давядзецца звяртацца ў суд па гэтаму пытанню”.