Гомельская вобласць: апазіцыя не трапіла ні ў тэрытарыяльныя, ні ў акруговыя камісіі
У Гомельскай вобласці тэрытарыяльныя і акруговыя камісіі будуць абсалютна «стэрыльнымі» на будучых выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Так, вылучаныя ад партыі левых «Справядлівы свет» і АГП прадстаўнікі не трапілі ні ў тэрытарыяльныя, ні ў акруговыя камісіі. Згодна дадзеным ЦВК, у Гомельскай вобласці ўтвораны 60 акруговых камісій з агульнай колькасцю членаў 780 чалавек. 5,6% членаў камісіі складаюць «прадстаўнікі палітычных партый» - КПБ (29 чалавек) і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (15 чалавек). Варта дадаць, што пра апошнюю партыю чуваць толькі ў час нейкіх выбараў.
45,4% (354 чалавекі) членаў акруговых камісій рэгіёну – прадстаўнікі грамадскасці («Белая Русь», БРСМ, прафсаюзы). Але, як мы неаднаразова пісалі, за «грамадскасцю» схаваліся супрацоўнікі выканкамаў і ўладных структур.
АГП вылучала ў склад акруговых камісій 11 чалавек, «Справядлівы свет» - 39 чалавек. Але ніводзін не трапіў у камісіі.