Шклоўскія акруговыя выбарчыя камісіі ўзначалілі чыноўнікі і кіраўнікі
Стаў вядомы склад акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў 27 склікання ў Шклоўскім раёне. Аснову склалі райвыканкамаўскія чыноўнікі і кіраўнікі прадпрыестваў і арганізацый раёна.
Усяго на тэрыторыі Шклоўскага раёна створана дзве акруговыя выбарчыя камісіі, у склад кожнай з якіх увайшло па 11 чалавек. Акруговая выбарчая камісія Шклоўскай гарадской выбарчай акругі №57 размяшчаецца па адрасе г. Шклоў, вул. Ленінская, д. 76 у кабінеце №306 Шклоўскага райвыканкама. Акруговая камісія Шклоўскай сельскай выбарчай акругі №58 знаходзіцца ў аграгарадку Гарадзец, у адміністрацыйным будынку гаспадаркі, якую ў свой час узначальваў кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка – ЗАТ “ААБ-Агра Гарадец”.
Старшынёй акруговай выбарчай камісіі Шклоўскай гарадской выбарчай акругі №57 абраны Аляксандр Давыдовіч, які вылучаўся ў склад камісіі ад абласной арганізацыі РГА “Белая Русь”. Неабходна адзначыць, што па асноўным месцы працы Аляксандр Віктаравіч з’яўляецца намеснікам старшыні Шклоўскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях і інфармаванні. Менавіта на Аляксандра Давыдовіча Шклоўскі райвыканкам усклаў абавязак па кантролі за выкананнем райвыканкамаўскага рашэння “Аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў Рэспублікі Беларусь 27 склікання”. Намеснікам старшыні камісіі выбарчай акругі №57 стаў Віктар Каралёў, вылучаны ад абласной аргнізацыі Беларускага таварыства Чырвонага крыжа, які працуе старшынёй праўлення Шклоўскага раённага спажывецкага таварыства.
Старшынёй акруговай выбарчай камісіі Шклоўскай сельскай выбарчай акругі № 58 таксама абраны прадстаўнік Магілёўскай абласной арганізацыі РГА Белая Русь” Алег Леснік. Алег Аляксеевіч працуе ў ЗАТ “ААБ-Агра Гарадзец”, ён якраз і з’яўляецца дырэктарам гэтай гаспадаркі.
Дапамагаць кіраваць акруговай камісіяй выбарчай акругі №58 Алегу Лесніку будзе Іван Радоўскі, які быў вылучаны ў склад камісіі ад працоўнага калектыва ветэрынарна-санітарнай установы “Шклоўская раённая ветэрынарная станцыя”. Дарэчы, менавіта Іван Радоўскі з’яўляецца начальнікам ВСУ “Шклоўская райветстанцыя”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”