Бабруйск: Дэмакраты вылучаюць прэтэндэнтаў
Бабруйскія прыхільнікі кампаніі "Гавары праўду" вылучаюць самую вялікую колькасць прэтэндэнтаў у кандытаты ў дэпутаты.
-Мы падаем дакументы на вылучэнне ў абласны і мясцовы Саветы, - кажа каардынатар кампаніі Алена Мядзведзева. - У выбарах збіраюцца ўзяць удзел 11 бабруйскіх сяброў, з іх дзевяць падалі дакументы канкрэтна на ўдзел у выбарах у гарсавет. Гэта ў асноўным, маладыя людзі. У нас нават быў цікавы выпадак: 11 студзеня Аксана Самуйлава пайшла рэгістравацца ў акруговую камісію, яна вылучаецца ў абласны Савет. Там не хацелі прымаць яе заяву, сцвярджалі, што камісія яшчэ не створана. Мы паабяцалі, што будзем скардзіцца, у тым ліку ў ЦВК, і дакументы Аксаны ўсё ж зарэгістравалі.
Старшыня бабруйскай суполкі АГП Віктар Бузінаеў кажа, што ад іх партыі збіраюцца вылучацца тры чалавекі.
-Як і на парламенцкіх выбарах, наша асноўная мэта данесці да людзей партыйную праграму, інфармаваць. У нейкія цуды, звязаныя з гэтымі выбарамі, я даўно не веру, таму мы ставім рэальныя мэты.
Старшыня партыі "Справядлівы свет" Альберт Секержыцкі таксама настроены на ўдзел у кампаніі.
-Мы будзем вылучаць двух прэтэндэнтаў у кандыдаты, ужо падалі дакументы. Хочам, каб нашы сябры таксама ўвайшлі ў склад камісій, але ці атрымаецца гэта ўсё ажыццявіць, ці прапусцяць - залежыць не ад нас.
-Галоўнае, быць актыўнымі, даносіць да людзей патрэбную інфармацыю, - лічыць старшыня мясцовай суполкі БСДП НГ Юры Грынявецкі. - Мы плануем назіраць за гэтымі выбарамі, дапамагаць калегам. Але болей хацелася б засяродзіцца на будучых прэзідэнцкіх выбарах, яны выклікаюць большую цікаўнасць.
"ПРаваабаронцы за свабодныя выбары"