viasna on patreon

Палату прадстаўнікоў просяць датэрмінова спыніць паўнамоцтвы дэпутата Краўцова

2014 2014-01-21T13:19:39+0300 2014-01-21T13:19:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/palata.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 Валерый Каранкевіч 20 студзеня накіраваў паўторную заяву на імя старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі.

У новай заяве Валерый Каранкевіч прапаноўвае вынесці на разгляд чарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў пытанне аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў дэпутата Краўцова У. В. у сувязі з прызначэннем яго на дзяржаўную пасаду.

Валерый Каранкевіч адзначае, што сумяшчэнне дзяржаўнай пасады з дэпутацкімі паўнамоцтвамі парушае прынцып раздзялення паўнамоцтваў розных галін улады і не ўлічвае інтарэсы выбаршчыкаў, што недапушчальна.

Экс-кандыдат у дэпутаты таксама спасылаецца на тое, што ў дэмакратычных краінах паўсюдна дзейнічаць правілы, якія выключаюць сумяшчэнне дзяржаўных пасад з паўнамоцтвамі дэпутатаў вышэйшых органаў заканадаўчай улады. Гэтыя правілы дзейнічаюць і ў саюзнай дзяржаве – Расіі.

“Я даслаў паўторны зварот на імя Уладзіміра Андрэйчанкі, дзе ўношу канкрэтную прапанову - прапаную вынесці на разгляд чарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў пытанне аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў дэпутата Краўцова У. В. у сувязі з прызначэннем яго на дзяржаўную пасаду, - распавядае Валерый Каранкевіч. – У абгрунтаванне гэтай прапановы я прыводжу канкрэтныя аргументы. Як я ўжо казаў, гэта проста нейкі анекдот – губернатар Гродзенскай вобласці застаецца дзеючым дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад усходу Магілёўскай вобласці. На маю думку, наогул, калі Уладзімір Краўцоў сумленны чалавек, то сам павінен зразумець усю недарэчнасць сітуацыі, спыніць свае дэпутацкія паўнамоцтвы і засяродзіцца на працы старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Тым больш, што ніякай дэпутацкай працы ў сваёй выбарчай акрузе ён зараз не вядзе. Павінны ж у нашых чыноўнікаў дзейнічаць нейкія маральна-этычныя нормы”.

Нагадаем, што Валерый Каранкевіч 22 снежня 2013 года ўжо накіроўваў заявы ў Палату прадстаўнікоў і Цэнтрвыбаркам. У заявах на імя старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі і старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай былы кандыдат у дэпутаты прапаноўваў у сувязі з адсутнасцю дэпутата Краўцава У. В. у выбарчай акрузе №83 прапанаваць яму скласці свае дэпутацкія паўнамоцтвы і правесці ўсе працэдурныя пытанні згодна заканадаўства і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Дэпутатат Краўцоў Уладзімір Васільевіч Указам кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі ад 14 лістапада 2013 года №509 прызначаны старшынёй Гродзенскага аблвыканкама.

У сваім адказе старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адмовілася праводзіць новыя выбары дэпутата Палаты прадстаўнікоў НС РБ у Крычаўскай выбарчай акрузе № 83. Падставай для адмовы ў правядзенні выбараў паслужыла тое, што паўнамоцты Уладзіміра Краўцова, абранага дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад гэтай выбарчай акругі, не спынены, таму ў Цэнтрвыбаркама няма прававых падстаў для прызначэння выбараў дэпутата Палаты прадстаўнікоў замест выбыўшага ў дадзенай выбарчай акрузе.

У адказе з Палаты прадстаўнікоў Нацыянанага сходу РБ за подпісам намесніка старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўнаму будаўніцтву, мясцоваму самакіраванню і рэгламенту В. І. Жураўскай, было паведамлена, што на трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў пятага склікання пытанне аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў Краўцова У. В. не разглядалася.

Таксама намеснік старшыні камісіі адказала Валерыю Каранкевічу, што “Краўцоў У. В, у якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў павінен ажыццяўляць работу з выбаршчыкамі ў формах і парадку, прадугледжаным названым Законам (Законам “Аб статуце дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ” – з. р.). Пры гэтым месца жыхарства дэпутата Палаты прадстаўнікоў не з’яўляецца вызначаючым для выканання ім сваіх дэпутацкіх паўнамоцтваў.

Інфаруем, што Ваш зварот даведзены да ведама дэпутата Краўцова У. В.”.

Сам жа Валерый Каранкевіч працягвае лічыць, што пераезд Уладзіміра Краўцова ў Гродна старшынёй мясцовага аблвыканкама робіць немагчымым выкананне шэрагу артыкулаў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь” і Уладзімір Краўцоў не можа выконваць абавязкі дэпутата Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе №83.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства