viasna on patreon

Брэст: шанцаў абскардзіць рашэнне аб фарміраванні гарадской выбарчай камісіі не засталося

2014 2014-01-24T10:18:35+0300 2014-01-28T13:11:19+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vs-rb.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вярхоўны суд Беларусі.

Вярхоўны суд Беларусі.

Праваабаронцы і дэмакратычныя актывісты з Берасця абскардзілі рашэнне Прэзідыума Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў і Брэсцкага гарвыканкама ад 27 снежня аб фарміраванні гарадской выбарчай камісіі па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў у Брэсцкім абласным судзе.

Праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які прысутнічаў на сумесным паседжанні па фарміраванні гарадской выбарчай камісіі, адзначае, што на паседжанні, якое доўжылася роўна 8 хвілін, на галасаванне быў адразу пастаўлены спіс сябраў гарадской камісіі. Пры гэтым аніякага абмеркавання прапанаваных кандыдатур не праводзілася.  У сувязі з чым можна меркаваць, што рашэнне пра фарміраванне гарадской камісіі было падрыхтаванае загадзя.

Заяўнікі, сярод якіх Дзяніс Турчаняк, Раман Кісляк, Зміцер Шыманскі, Уладзімір Вялічкін, ды іншыя, прасілі суд ў сваёй скарзе ад 30 снежня прызнаць рашэнне Прэзідыума Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў і Брэсцкага гарвыканкама незаконным, паколькі яно абмяжоўвае права на ўдзел у вядзенні дзяржаўных спраў шляхам свабодна абраных прадстаўнікоў, абавязаць выправіць дапушчаныя парушэнні і паўторна правесці паседжанне, каб нанава сфарміраваць Брэсцкую гарадскую выбарчую камісію з абавязковым і адкрытым абмеркаваннем усіх прапанаваных кандыдатур.

31 снежня суддзя Брэсцкага абласнога суда А. Літоўчык, разгледзеўшы скаргу, вынесла вызначэнне аб адмове ва ўзбуджэнні справы па скарзе на падставе непадсуднасці разгляду яе Брэсцкім абласным судом.

Заяўнікам было прапанавана звярнуцца са скаргаю ў суд Ленінскага раёна Брэста. Таксама паведамлена, што на рашэнне абласнога суда можа быць вынесены пратэст у Вярхоўны суд Беларусі.

Уладзімір Вялічкін скарыстаўся гэтай магчымасцю і падаў прыватную скаргу на рашэнне Брэсцкага абласнога суда ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь. Сваю пазіцыю ён падмацаваў тым аргументам, што згодна з часткай 6 артыкула 34 Выбарчага кодэкса Беларусі “скарга на рашэнне аб фарміраванні выбарчай камісіі, падаецца адпаведна ў абласны, Мінскі гарадскі, раённы, гарадскі суд”, у залежнасці ад узроўня фарміруемай камісіі. Скарга, якая падавалася на дзеянні па фарміраванні Брэскай гарадской выбарчай камісіі, павінна быць накіраваная ў гарадскі суд. Але паколькі ў Брэсце адсутнічае гарадскі суд, то лагічна, што скаргу актывісты падалі ў суд абласны, а не суд Ленінскага раёна.

 23 студзеня судовая калегіі па грамадзянскіх справах Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь разгледзеўшы скаргу Уладзміра Вялічкіна, пакінула яе без задавальнення, а рашэнне Брэсцкага абласнога суду без зменаў, фактычна праігнараваўшы слушныя аргументы заяўніка.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства