viasna on patreon

Горкі і Дрыбін: збор подпісаў праходзіць без эксцэсаў

2014 2014-02-01T15:29:52+0300 2014-02-01T15:29:52+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/podpisy-zbor.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Горацкім раёне ініцыятыўныя групы выбаршчыкаў працягваюць збор подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты. Адначасова ў працоўных калектывах праходзяць сходы па вылучэнні кандыдатамі ў дэпутаты Горацкага раённага Савета вылучэнцаў ад разнастайных прадпрыемстваў і арганізацый Горацкага раёна.

Усяго акруговымі камісіямі па выбарах дэпутатаў Магілёўскага абласнога Савета ў Горацкім раёне зарэгістравана чатыры ініцыятыўныя групы па збору подпісаў выбаршчыкаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты, раённай выбарчай камісіяй – 34 ініцыятыўныя групы, сельскімі выбарчымі камісіямі – 140.

Неабходна адзначыць, што ў шэрагу іншых у Горацкім раёне шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў вылучаюцца і незалежныя прэтэндэнты ў кандыдаты.

Так, у Горках зарэгістраваны ініцыятыўныя групы групы грамадзян па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Магілёўскага абласнога савета па Горацкай сельскай выбарчай акрузе №18 і кандыдатам у дэпутаты Горацкага райсавета па Кіраўскай выбарчай акрузе №18 мясцовага грамадскага актывіста Андрэя Бажко.

Былы прадпрымальнік Андрэй Бажко набыў вядомасць сярод жыхароў Горацкага раёна пасля таго, як у 2011 годзе зладзіў пікетаванне каля мясцовай ПМК з патрабаваннем выплаціць заробленыя за працу ў ААТ «Александрыйскае» Шклоўскага раёна грошы. Тады Андрэй Бажко здолеў дамагчыся выканання сваіх патрабаванняў.

Па словах Андрэя Бажко, ініцыятыўныя групы ў яго падтрымку ўжо сабралі неабходную колькасць подпісаў за яго вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Магілёўскага абласнога і Горацкага раённага Саветаў. Андрэй кажа, што асаблівых праблем са зборам подпісаў у яго не было. Аднак прэтэндэнт у кандыдаты пакуль не вырашыў, ці будзе падаваць дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдата ў акруговую і раённую выбарчыя камісіі. Канчатковае рашэнне аб вылучэнні кандыдатам грамадскі актывіст будзе прымаць пазней “з улікам усіх фактараў і абставін”.

Кандыдатам у дэпутаты Горацкага райсавета па Інтэрнацыянальнай выбарчай акрузе №2 збіраецца вылучацца Раіса Міронава.

“Збор подпісаў ідзе нармальна, людзі падпісваюцца, - распавядае Раіса Міронава. – Збіраю подпісы пасля працы, акруга вялікая, 933 выбаршчыкі, абайсці патрэбна шмат людзей. Неабходную колькасць подпісаў я ўжо сабрала, зараз збіраю звыш нормы, каб запас быў. Перашкод пакуль не было, не ведаю толькі, што будзе, калі здам подпісы на праверку ў выбарчую камісію”.

Дзеючая дэпутатка Аўсянкаўскага сельсавета Горацкага раёна Жана Шчарбініна таксама зарэгістравала сваю ініцыятыўную групу па вылучэнню кандыдатам у дэпутаты гэтага ж сельсавета. Па словах Жаны Шчарбінінай, яна ідзе на выбары, каб мець больш магчымасцяў дапамагаць людзям вырашаць іх праблемы. Жана кажа, што подпісаў збіраць ёй патрэбна няшмат, і іх збор яна ўжо практычна заканчвае.

Вылучаецца Жана Шчарбініна як незалежны прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты, аднак па сваіх поглядах яна з’яўляецца прыхільніцай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Ёсць свой незалежны прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты і ў суседнім з Горацкім Дрыбінскім раёне. Гэта вядомы ў Магілёўскай вобласці грамадскі актывіст Андрэй Юркоў, які прэтэндуе на вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Дрыбінскага раённага Савета па Дрыбінскай выбарчай акрузе №2. Землякі і суседзі падтрымліваюць вылучэнне Андрэя Юркова, таму неабходную колькасць подпісаў у падтрымку сваёй кандыдатуры ён ужо сабраў. Праўда, вялікай надзеі на тое, што ўлады дазволяць яму стаць дэпутатам Дрыбінскага райсавета, грамадскі актывіст не мае.

Усяго ў Дрыбінскім раёне зарэгістраваны адна ініцыятыўная група акруговай камісіяй па выбарах дэпутата Магілёўскага аблсавета, 40 – раённай выбарчай камісіяй па выбарах дэпутатаў Дрыбінскага райсавета, 65 – сельскімі выбарчымі камісіі па выбарах дэпутатаў сельсаветаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства