Брэсцкая міліцыя “цісне” на ўдзельнікаў пікета па збору подпісаў
Як паведаміў старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Вуек, на наступны дзень пасля пікета, які адбыўся 30 студзеня, ён атрымаў позву з патрабаваннем з’явіцца ў апорны пункт міліцыі, размешчаны на тэрыторыі, дзе ладзіўся пікет у падтрымку вылучэння кандыдата ад АГП Дыяны Касцюковіч. “Супрацоўнікі міліцыі хацелі атрымаць тлумачэнні чаму, дзе і як я праводзіў пікет, але я ім адразу адказаў, што нічога не парушаў і ладзіў акцыю ў незабароненым месцы як сябра ініцыятыўнай групы нашага кандыдата і як кіраўнік абласной арганізацыі партыі”, - распавёў Уладзімір Вуек.
Аднак, паводле яго словаў, супрацоўнікі міліцыі на гэтым не супакоіліся, і праз некалькі дзён наведаліся ўжо на працу да самога вылучэнца ад АГП Дыяны Касцюковіч. Ад яе таксама патрабавалі даць тлумачэнні з нагоды пікета, які праводзіла група па яе вылучэнні. Сярод пытанняў міліцыянтаў былі і такія: што рабіў у той дзень у Брэсце старшыня АГП Анатоль Лябедзька ў Брэсце і ці збіраліся падчас акцыі подпісы за адмену падатку на аўтамабілі? Дыяна Касцюковіч скарысталася сваім правам адмовіцца ад дачы паказанняў, пра што і напісала ў пратаколе.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".