Мастоўскія дэпутаты: "Мы бяздзейнiчаем? Няпраўда!"
Газета "Звязда" размясціла адказ старшыні Мастоўскага раённага Савета дэпутатаў Валера Табалы на зварот прадстаўнікоў грамадскай кампаніі «За еўрапейскую Мастоўшчыну». Яны абвінавачваюць мясцовых дэпутатаў у бяздзейнасці - «ніводны з народных абраннікаў за ўсе 4 гады дэпутацкай дзейнасці не праводзіў сустрэч з выбаршчыкамі і не інфармаваў свой электарат аб дэпутацкай дзейнасці на карысць горада Масты і рэгіёна».
— Перш за ўсё адзначу, што пра гэтую грамадскую кампанію на Мастоўшчыне не было чуваць з мая 2010 года, калі праходзілі выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. І на працягу практычна ўсяго тэрміну паўнамоцтваў раённага Савета гэтага склікання — ніякіх зваротаў, прапаноў па вырашэнні тых ці іншых праблем нашага рэгіёна ад іх не паступала. І раптам, калі распачалася новая выбарчая кампанія, вырашылі сябе праявіць. Але як гэта робіцца? Звароты да ўсіх дэпутатаў былі дастаўлены нарачным па адным адрасе — у будынак райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў. І тым дэпутатам, чые кабінеты тут знаходзяцца (у тым ліку і мне), іх пад роспіс уручылі. Быў дадзены адказ, што, згодна з артыкулам 21 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў», дэпутат адказны і падсправаздачны перад выбаршчыкамі. Зварот паступіў ад члена руху «За Свабоду» з указаннем прозвішча, імя і імя па бацьку, года нараджэння і адраса: (г. Масты, абаненцкая скрыня № 17). Незразумела, на тэрыторыі якой выбарчай акругі пражывае аўтар звароту і каму з дэпутатаў на яго адказваць.
Што ж датычыцца вяртання заяўніку шэрагу зваротаў, то ніхто ад іх атрымання не ўхіляўся. Як вядома, з усяго дэпутацкага корпуса мясцовага Савета толькі старшыня працуе на пастаяннай аснове. А ўсе іншыя сумяшчаюць працу ў органе прадстаўнічай улады са сваёй прафесійнай дзейнасцю ў самых розных сферах. Таму і не сустрэліся яны нарачнаму ў вышэйзгаданым будынку ў той дзень. І звароты, зразумела, былі вернуты.
— «Ніводны з народных абраннікаў не праводзіў сустрэч з выбаршчыкамі»… Ваш каментарый?
— Адкажу на асабістым прыкладзе, бо з’яўляюся не толькі кіраўніком раённага Савета, але і дэпутатам. Штомесячна ў мяне адбываецца 5-6 сустрэч з выбаршчыкамі. Прычым не толькі ў вызначаныя графікам дні прыёму, але і ў іншыя. Акрамя таго, дэпутаты ўдзельнічаюць у выязных прыёмах грамадзян, што арганізуюцца ў сельсаветах, на базе прадпрыемстваў і арганізацый. Усе пытанні, што ўзнімаюцца на такіх сустрэчах, бяруцца да разгляду і, па магчымасці, вырашаюцца.
Такім чынам, сустрэч з выбаршчыкамі хапае. Пры гэтым пытанняў з цягам часу можа станавіцца менш. Напрыклад, па добраўпарадкаванні горада: цяпер ужо няма той «успышкі» зваротаў, што назіралася спачатку, бо людзі ўбачылі рэальныя вынікі працы раённай улады.
А іншыя пытанні, наадварот, могуць абвастрацца. Летась, напрыклад, адбываліся змены ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным упарадкаванні Мастоўскага раёна, звязаныя са скарачэннем колькасці сельскіх Саветаў. Пры гэтым члены чатырох рабочых груп, сярод якіх былі і дэпутаты, сустракаліся з людзьмі літаральна ў кожным населеным пункце. Цікавіліся меркаваннямі мясцовых жыхароў і імкнуліся прыняць меры па пытаннях, што іх хвалююць.
— Ці многія сённяшнія дэпутаты маюць намер зноў балаціравацца ў раённы Савет?
— Ужо відавочна, што ў некаторых выбарчых акругах будуць іншыя дэпутаты, але большая частка складу цяперашняга раённага Савета прадоўжыць працу і ў наступным скліканні. Калі б гэтыя людзі ігнаравалі свае дэпутацкія абавязкі і бяздзейнічалі, хто б іх вылучаў? Дарэчы, лепшыя прадстаўнікі дэпутацкага корпуса нароўні з перадавікамі вытворчасці заносяцца на раённую Дошку пашаны, а імя дэпутата раённага Савета, старшыні СВК «Азяранскі» Уладзіміра ШУЛЬГАЧА занесена ў Кнігу Славы Мастоўскага раёна.