У Гомельскай вобласці суды прызнаюць правамоцным неўключэнне ў камісіі сябраў «Справядлівага свету»
7 лютага адбыліся два суды па скаргах Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» на неўключэнне партыйцаў у склад участковых камісій. Усяго па вобласці прэтэндавалі на ўключэнне ў склад УВК 88 сябраў «Справядлівага свету». Пакуль, па папярэдніх дадзеных, апазіцыянеры не трапілі ў склад камісій, прынамсі, у Мазыры, Рэчыцы, Буда-Кашалёва, Гомелі, Светлагорску.
Кіраўнік абласной арганізацыі партыі Уладзімір Сякерка лічыць, што рашэнні органаў, фарміруючых камісіі, былі неправамоцнымі, бо дэмакратычных прадстаўнікоў беспадстаўна не ўключылі ў склад УВК. Напрыклад, у Рэчыцы патлумачылі, што актывісты партыі маюць сталы ўзрост, пры гэтым 19 прадстаўнікоў праўладнай ветэранскай арганізацыі ўзялі лічыць бюлетэні.
7 лютага суд Буда-Кашалёўскага раёна ў асобе суддзі Кацярыны Шубіч пакінуў скаргу без задавальнення, а рашэнне выканкама аб фарміраванні УВК палічыў правамоцным. У судзе выступілі таксама і прадстаўнікі выканкаму. «Адмову партыйцам яны патлумачылі тым, што ім зручней працаваць са знаёмымі і праверанымі людзьмі, якія маюць вопыт. Я адзначыў, што сярод нашых кандыдатур – былы дырэктар школы, і былы старшыня раённага Савету – няўжо яны не маюць досведу працы ў камісіях?» - пракаментаваў Уладзімір Сякерка.
Аналагічнае рашэнне (прызнаць правамоцным неўключэнне ў склад УВК сябраў партыі «Справядлівы свет») прыняў 7 лютага і суд Цэнтральнага раёна Гомеля.
Таксама партыйцы будуць абскарджваць рашэнні органаў, фарміруючых УВК, і ў іншых раёнах Гомельскай вобласці.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”