Баранавічы: гарвыканкам увёў дадатковыя месцы для агітацыі
На афіцыйным сайце Баранавіцкага гарвыканкама з’явілася новае рашэнне № 255 “Аб унясенні зменаў у рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама ад 31 студзеня 2014 года № 242”. Цяпер у распараджэнні кандыдатаў у дэпутаты не толькі маленькая і неўладкаваная пляцоўка старога парку для агітацыі, а яшчэ пяць дадатковых месцаў, сярод якіх малады парк, стадыён “Лакаматыў”, сквер памяці воінаў-інтэрналістаў і г.д.
– На папярэдняй выбарчай кампаніі 2010 года ў мясцовыя саветы грамадскія актывісты і незалежныя прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты дамагліся ад гарвыканкама выдзялення дадатковых месцаў для агітацыі. У пачатку выбарчай кампаніі 2014 года гарвыканкам зноў пакінуў для агітацыі толькі адну неўладкаваную пляцоўка ў старым парку горада, таму ў сваёй заяве ад 28 студзеня праваабронцы і грамадскія актывісты патрабавалі ад гарадскіх уладаў павялічыць колькасць месцаў для агітацыі. Цяпер кандыдаты ў дэпутаты будуць мець лепшыя інфармацыйныя магчымасці, каб правесці агітацыйную кампанію эфектыўна і больш масава, – паведаміў праваабаронца Сяргей Гоўша.
Нагадаем, што на рэгістрацыю кандыдатамі ў Баранавіцкі гарадскі Савет падалі дакументы 42 чалавекі. Паколькі ў горадзе 36 акругаў, то на большасці з іх, зразумела, выбары будуць безальтэрнатыўнымі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”