Салігорск: Працэдура праверкі падпісных лістоў патэнцыйных кандыдатаў не зацікавіла
Паседжанне Салігорскай раённай выбарчай камісіі па праверцы сапраўднасці падпісных лістоў адбылося 14 лютага ў будынку мясцовага выканкаму. Па словах прысутнага пры праверцы доўгатэрміновага назіральніка ад БХК Леаніда Мархоткі, нікога з прэтэндэнтаў у кандыдаты ці іх прадстаўнікоў на паседжанні не было.
Сабраныя подпісы былі сваечасова прадстаўленыя ў камісію ўсімі 26-цю зарэгістраванымі ініцыятыўнымі групамі. Камісія вызначала адпаведнасць лістоў дзеючаму заканадаўству - правільнасць і паўнату запаўнення графаў, адпаведнасць адрасу пражывання падпісантаў выбарчай акрузе прэтэндэнта ў кандыдаты. Праваабаронца адзанчае, што з пачатку выбараў гэта было першае насамрэч працоўнае паседжанне выбаркаму.
- Доўжылася яно амаль гадзіну і мела сапраўдны працоўны характар. У адрозненне ад ранейшых 15-хвілінных сходак Салігорскага выбаркаму з адзінагалосным галасаваннем па падрыхтаваных нявядома кім і як пытаннях, цяпер усе члены камісіі прымалі непасрэдны ўдзел у разглядзе прадстаўленых патэнцыйнымі кандыдатамі падпісных лістоў, - кажа Леанід Мархотка.
Зрэшты, саміх прэтэндэнтаў гэты важнейшы для іх кандыдацкага лёсу этап выбарчай кампаніі аніяк не зацікавіў. Акрамя членаў камісіі і назіральніка ад БХК на паседжанні прысутнічаў толькі намеснік старшыні Салігорскага райвыканкаму па ідэалагічнай працы Мікалай Маскевіч. Як высветлілася, ён быў зарэгістраваны ў вабарчай камісіі назіральнікам ад грамадзян шляхам збору подпісаў. Па словах старшыні камісіі Людмілы Цыбулёнак, нікому з прэтэндэнтаў на кандыдацтва аб паседжанні па праверцы падпісных лістоў не паведамлялася, але і самі патэнцыйныя кандыдаты ў камісію па інфармацыю аб даце і часе паседжання не звярталіся.
Леанід Мархотка адзначыў і пэўны прагрэс у працы камісіі. Пасля заўваг назіральніка папярэджваць аб даце і часе паседжання пачалі загаддзя, а ў кожнага члена выбаркаму з’явіліся бэйджыкі з прозвішчам. З іншага боку, выявілася, што члены выбарчай камісіі насмарэч далёка не самыя дасведчаныя і падрыхтаваныя, як пра гэта казалася мяцовымі ўладамі на паседжанні па яе фармаванні.
- Напрыканцы паседжання ўсім членам камісіі раздалі пэўную колькасць падпісных лістоў для непасрэднай праверкі сапраўднасці подпісаў у падпісантаў. Практычна ўсе члены камісіі пачалі запытвацца, што і як разбіць з імі далей. Многія не ведалі элементарных рэчаў. Вялікі сумнеў, што гэтыя людзі неяк навучаныя. Але ж гэта не ўчастковая камісія, а тэрэтарыяльная. Тут такога быць не павінна. Тут мусяць працаваць ужо падрыхтаваныя людзі, можна сказаць, лепшыя з лепшых, - падсумоўвае вынікі свайго назірання праваабаронца Леанід Мархотка.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”