У Жодзіне зарэгістравалі ўсіх, каго вылучалі
17 лютага на паседжанні Жодзінскай ГВК былі абвешчаныя кандыдатамі ўсе прэтэндэнты, якія вылучыліся на мясцовыя выбары ад працоўных калектываў (39) і інцыятыўнымі групамі (9).
Кандыдаты атрымалі пасьведчаньні, быў вызначаны час для агітацыйных выступаў па радыё. Пры гэтым 5 чалавек адмовіліся ад гэтага віду агітацыі, а 5 наогул не прысутнічалі на паседжанні падчас вырашэння гэтага пытання.
Праверка подпісаў, здадзеных ініцыятыўнымі групамі, паказала рэкордную за ўвесь час выбракоўку - 1 подпіс з 135-ці адабраных па 9-ці прэтэндэнтах. Пры гэтым незалежны назіральнік не мог азнаёміцца з пададзенымі для праверкі ды рэгістрацыі дакументамі.
Нягледзячы на тое, што кожны з заяўнікаў быў зарэгістраваны, назіральнік Аляксей Лапіцкі мяркуе, што ў Жодзіне практычна няма канкурэнцыі. Па ягоных словах, кандыдаты выглядалі дастаткова пасіўна, не задавалі пытанняў. Падчас вызначэння часу для выступаў па радыё старшыня паседжання С.Афанасенкаў нават прасіў прысутных быць актыўнымі ды смялейшымі.
На паседжанні таксама быў зацверджаны беларускамоўны ўзор выбарчага бюлетэню. Кандыдатам патлумачылі, як праводзіць выбарчую агітацыю, адкрываць і скарыстоўваць уласныя фонды, рабіць выніковыя фінансавыя справаздачы.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Фота А.Лапіцкага