Гомель: два прэтэндэнты ад апазіцыі не прайшлі рэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў
20 лютага адбылося паседжанне акруговай камісіі Гомельскай-Навабеліцкай акругі №36 па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Нагадаем, на выбарах у 2012 годзе дэпутат ад акругі не быў абраны: праўладны кандыдат, памочнік прэзідэнта па Гомельскай вобласці Ігар Пракапенка зняў сваю кандыдатуру, як і апазіцыйны – сябра АГП Уладзімір Няпомняшчых. А за кандыдата ад ЛДПБ электарат не прагаласаваў.
Падалі дакументы на рэгістрацыю 7 чалавек. Але Галіна Краўчанка ад Руху «За свабоду» і Андрусь Цянюта (сустаршыня «Маладога Фронту») не прайшлі рэгістрацыю. Галіна Краўчанка кажа, што камісія выказала прэтэнзіі да сабраных подпісаў. «На самой справе гэта было палітычнае рашэнне, бо ў нас моцная каманда, нас ведалі на акрузе, мы некалькі месяцаў працавалі там у межах кампаніі «НаваБеліца», - пракаментавала актывістка.
Кандыдатамі ў дэпутаты сталі Уладзімір Няпомняшчых (АГП), Віктар Хоміч («Справядлівы свет»), загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі Алена Астапюк, заўгас дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Мікалай Шкірэеў і настаўніца сярэдняй школы №2 Вольга Судакова.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”