viasna on patreon

У сталіцы шахцёраў толькі 5 акругаў з 40 будуць альтэрнатыўнымі

2014 2014-02-23T11:12:07+0300 2014-02-23T11:12:07+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/galasy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Салігорскі выбаркам зарэгістраваў кандыдатамі ў дэпутаты мясцовага савета 45 чалавек. За ходам паседжання, якое праходзіла 20 лютага ў будынку Салігорскага райвыканкаму, назіраў мясцовы праваабаронца Леанід Мархотка.

Паседжанне пачалося з агалошвання вынікаў праверкі подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах прэтэндэнтаў, якія спрабавалі зарэгістравацца кандыдатамі шдяхам збору подпісаў. Агучаныя лічбы засведчылі, што ў крыху больш за палову прэтэндэнтаў сабраныя подпісы не выклаікалі прэтэнзій з боку выбаркаму. У правераных падпісных лістах астатніх прэтэндэнтаў камісія выявіла роўна па адным несапраўдным подпісе з практычна аднолькавай заўвагай - не той асобай пастаўлены подпіс.

- Іншых прычын несапраўднасці подпісаў не было. Такія вынікі праверкі выглядалі вельмі ненатуральнымі і сведчаць пра фармальны падыход да яе. Відавочна, справа рабілася для галачкі, - кажа Леанід Мархотка.

Разгляду дакументаў па вылучэнні кандыдатаў ад працоўных калектываў і палітычных партый падчас паседжання не было. Старшыня Салігорскага выбаркаму Людміла Цыбулёнак агучыла толькі статыстыку. Найбольш актыўна кандыдаты вылучаліся праз збор подпісаў - 26 чалавек. Ад працоўных калектываў быў вылучаны 21 кандыдат, а ад палітычных партый толькі 3 чалавекі. Прадстаўнікі дэмакратычных партый сваіх прадстаўнікоў на выбары ў Салігорскі савет раённых дэпутатаў не вылучалі.

З 50 прэтэндэнтаў, што накіравалі свае дакументы на рэгістрацыю, тры чалавекі з невядомых прычын адмовіліся ад удзелу ў выбарах. Яшчэ два прэтэндэнты Сцеганцоў К. В. і Чырскі Ю. А. былі зняты выбаркамам па дробных ды неадназначных прычынах. Спадар Сцеганцоў забыўся задэклараваць свой стары аўтамабіль “Масквіч”. Прэтэндэнт Чырскі не задэклараваў дом, які знаходзіўся ў стадыі афармлення спадчыны. Варта адзначыць, што пра адсутнасць неабходнасці ў дэкларацыі дому Чырскаму Ю. А. падчас папярэдніх кансультацыяў паведамілі ў самім выбаркаму. Зрэшты, падчас паседжання члены камісіі ад гэткай заявы Чырскага адмежаваліся.

У выніку рэгістрацыю прайшлі 45 чалавек, якія будуць балатавацца па 40 акругах. Толькі 5 акругаў будуць мець альтэрнатыўнага кандыдата. Па словах незалежнага назіральніка Леаніда Мархоткі, прыкладна 75% кандыдатаў з’яўляюцца дырэктарамі прадыпрыемстваў ды арганізацый, падкантрольных уладам. Астатнія з’яўляюцца ідэалагічнымі або інжынерна-тэхнічнымі работнікамі. З 45 зарэгістраваных кандыдатаў толькі адзін рабочы і адзін пенсіянер. Жанчыны складаюць прыкладна 20% ад агульнай колькасці кандыдатаў.

Усё паседжанне звялося не да разгляду пытанняў па сутнасці, а да хуткага зачытвання спісаў:

- Гэта была гадзіна няспыннага чытання скарагаворкаю. Пры гэтым старшыня выбаркаму часта збівалася, а прозвішчы кандыдатаў прагаворвала невыразна, - апісвае паседжання Леанід Мархотка. - Да таго ж спадарыня Цыбулёнак “навучылася” не запытвацца ў прысутных аб узніклых пытаннях. У выніку каля трыццаці кандыдатаў пасля завяршэння працэдуры рэгістрацыі апынуліся пазбаўленнымі права на атрыманне тлумачэнняў. Але ж гэта элементарная рэч, прадугледжаная любым рэгламентам.

На думку праваабаронцы, старшыня камісіі гэткім чынам вырашыла наўпрост пазбавіцца ад нязручных пытанняў, якія незалежны назіральнік задаваў на кожным паседжанні. Спробу Леаніда Мархоткі агучыць просьбу старшыня выбаркаму рэзка абарвала, назваўшы яе ўмяшальніцтвам у працу камісіі ды прыгразіўшы выдаленнем з паседжання з наступным пазбаўленнем акрэдытацыі. Прапанова паставіць агучванне просьбы незалежнага назіральніка на галасаванне ўсёй камісіі таксама была катэгарычна адкінута спадарыняй Цыбулёнак.

Пасля завяршэння паседжання Леанід Мархотка асабіста звярнуўся да старшыні выбаркаму з просьбай прадставіць яму магчымасць азнаёміцца з дакументамі аб рэгістрацыі кандыдатаў, як таго патрабуе прынцып галоснасці і адкрытасці выбарчага працэсу. Аднак Людміла Цыбулёнак прыняла асабістае, індывідуальнае рашэнне адмовіць незалежнаму назіральніку ў яго просьбе.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства