Валерый Каранкевіч абвінавачвае Уладзіміра Краўцова ў невыкананні дэпутацкіх абавязкаў
Экс-кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 Валерый Каранкевіч накіраваў чарговую заяву на імя старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі.
У заяве Валерый Каранкевіч піша пра тое, што дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 Уладзімір Краўцоў пасля прызначэння старшынёй Гродзенскага аблвыканкама не выконвае свае дэпутацкія абавязкі: не прыязджае на тэрыторыю сваёй выбарчай акругі і не сустракаецца з выбаршчыкамі, пакідае без рэагавання іх запыты і скаргі. Згодна спадара Каранкевіча, таксама Уладзімір Краўцоў ужо на працягу шасці месяцаў не праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі сваёй выбарчай акругі.
Валерый Каранкевіч адзначае, што невыкананне Уладзімірам Краўцовым сваіх дэпутацкіх абавязкаў вядзе да парушэнняў патрабаванняў артыкулаў 24-26, 28 Закона Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 1998 года №136-З “Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”.
У сувязі з тым, што дэпутатат Краўцоў У. В. практычна невыконвае сваіх дэпутацкіх абавязкаў, Валерый Каранкевіч прапануе Палаце прадстаўнікоў на чарговай сесіі разгледзець пытанне аб адкліканні яго дэпутацкіх паўнамоцтваў. У іншым выпадку спадар Каранкевіч пакідае за сабой канстутыцыйнае права распачаць збор подпісаў грамадзянаў за адкліканне дэпутата Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 Краўцова У. В.
Экс-кандыдат Палаты прадстаўнікоў просіць Уладзімра Андрэйчанку даць абаснаваны і змястоўны адказ па сутнасці праблемы і вырашыць яе з улікам абароны праў выбаршчыкаў.
Неабходна адзначыць, што Валерый Каранкевіч накіроўваў ужо некалькі зваротаў на імя старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі і старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай з прапановамі аб спыненні паўнамоцтваў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Краўцова У. В. Нейкага яснага абгрунтаванага адказу на свае прапановы Валерый Каранкевіч пакуль не змог атрымаць ні з Палаты прадстаўнікоў, ні з Цэнтрвыбаркаму. На думку спадара Каранкевіча, у адказ яму дасылаліся, па сутнасці, адпіскі, у якіх няма канкрэтнага адказу на пастаўленыя ў яго зваротах пытанні.
Зараз сябар Партыі БНФ Валерый Каранкевіч зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў па Хоцімскай выбарчай акрузе №54 і кандыдатам у дэпутаты Хоцімскага райсавета. Спадар Каранкевіч вылучаўся шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў і ён сцвярджае, што многія жыхары Крычаўскай выбарчай акругі №83 хочуць мець сапраўднага дэпутата Палаты прадстаўнікоў, а не “вясельнага генерала”, якім з’яўляецца дзеючы дэпутат ад гэтай акругі, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў.