Альтэрнатыўны кандыдат з Горак скардзіцца на перадузятае стаўленне выбарчай камісіі
Андрэй Бажко, незалежны кандыдат у дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў па Горацкай сельскай выбарчай акрузе №18 і адначасова кандыдат у дэпутаты Горацкага райсавета па Кіраўскай выбарчай акрузе з аналагічным №18, кажа пра тое, што чальцы акруговай выбарчай камісіі Горацкай сельскай выбарчай акругі №18 адносяцца да яго перадузята.
Па словах Андрэя Бажко, спачатку нейкіх асаблівых праблем не было, аднак яны пачаліся пасля таго, як ён выказаў пратэст супраць таго, што ў агульнай перадвыбарчай улётцы з інфармацыяй пра кандыдатаў у дэпутаты яго дадзеныя паставілі на апошняя месца.
-Згодна алфавіту, у агульнай перадвыбарчай улётцы мае дадзеныя павінны знаходзіцца на першым месцы, - распавядае Андрэй Бажко. – Аднак сябры акруговай камісіі Горацкай сельскай выбарчай акругі №18 у макеце гэтай улёткі мой фотаздымак з біяграфічнымі звесткамі чамусьці паставілі на апошняя месца за дадзенымі іншых кандыдатаў. Калі я выказаў свой рашучы пратэст адносна гэтага іх намеру і запатрабаваў, каб яны зрабілі перадвыбарчую ўлётку так, як гэта патрабуе Выбарчы кодэкс, у акруговай камісіі з’явіліся новыя прэтэнзіі. Патэлефанаваўшы ў абласную камісію і атрымаўшы адтуль нейкія ўказанні, мае дадзеныя яны ўсё ж паставілі на першае месца. Аднак адразу ж яны запатрабавалі ад мяне змяніць фотаздымак і перапісаць аўтабіяграфію. Прычым ад самага пачатку іх усё задавальняла, ніякіх прэтэнзій не было. Я адмовіўся ўносіць нейкія змены і запатрабаваў, каб усе свае прэтэнзіі да мяне яны выклалі ў пісьмовым выглядзе, каб я змог іх абскардзіць. Пакуль ніякага ліста з акруговай камісіі я не атрымліваў.
Андрэй Бажко кажа, што незадаволенасць сяброў акруговай камісіі выклікаў і яго намер стварыць выбарчы фонд.
Незалежны кандыдат у дэпутаты адзначае, што ў раённай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў Горацкага райсавета ў яго ніякіх праблемаў не ўзнікала.
Прадпрымальнік Андрэй Бажко набыў вядомасць сярод жыхароў Горацкага раёна пасля таго, як у 2011 годзе зладзіў пікетаванне каля мясцовай ПМК з патрабаваннем выплаціць заробленыя за працу ў ААТ «Александрыйскае» Шклоўскага раёна грошы. Тады Андрэй Бажко здолеў дамагчыся выканання сваіх патрабаванняў.
Андрэй Бажко не з’яўляецца чальцом нейкай палітычнай партыі, ён пазіцыянуе сябе, як незалежны кандыдат.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”