Бялыніцкая раённая выбарчая камісія ўтойвае судзімасці праўладных кандыдатаў
Бялыніцкая раённая газета “Зара над Друццю” (№15 ад 22 лютага 2014) гогда апублікавала звесткі пра зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты Бялыніцкага раённага Савета дэпутатаў, аднак чамусьці забылася надрукаваць інфармацыю пра маючыяся ў кандыдатаў судзімасці.
У прыватнасці, газета не ўказала на маючыяся судовыя пакаранні ў намесніка дырэктара ААТ “Новая Друць” Уладзіміра Канавалава, прадаўца магазіна “Каравай” Ганны Арахоўскай і ў лесніка Цяхцінскага лясніцтва Анатолія Ціхановіча.
Паказальна, што пры гэтым у змешчаным на інтэрнэт-старонцы Бялыніцкага райвыканкама ў раздзеле “Выбары - 2014” http://belynichi.gov.by/vibori-2014/ дакуменце з інфармацыяй пра кандыдатаў у дэпутаты Бялыніцкага райсавета іх судзімасці ўказаны.
Па неафіцыйнай інфармацыі, указанне на публікацыю такіх “скарочаных” дадзеных рэдакцыя газеты атрымала ад старшыні Бялыніцкай раённай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў райсавета Ірыны Фурсавай, якая з’яўляецца да таго ж кіраўніком аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Бялыніцкага райвыканкама.
Бялыніцкі журналіст Барыс Вырвіч паспрабаваў высветліць у раённай выбарчай камісіі, чаму выбарчая камісія ў парушэнне беларускага выбарчага заканадаўства хавае дадзеныя пра судзімасці кандыдатаў у дэпутаты, аднак нейкага зразумела адказу яму ў камісіі даць так і не змаглі.
“Шчыра кажучы, я не асабліва назіраю за выбарчай кампаніяй па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў у Бялыніцкім раёне, бо ўжо амаль дакладна ведаю, хто будзе дэпутатамі, - распавядае Барыс Вырвіч. – Ніякай інтрыгі не засталося пасля таго, як былі не зарэгістраваныя незалежныя прэтэндэнты ў кандыдаты. Аднак 1 сакавіка мне патэлефанвалі людзі з аграгарадка Цяхцін і запыталіся, чаму ў змешчанай у раённай газеце “Зара над Друццю” інфармацыі пра кандыдатаў у дэпутаты райсавета ў кандыдата ў дэпутаты па Цяхцінскай выбарчай акрузе №34 Уладзіміра Канавалава не ўказана маючаяся ў яго судзімасць. Я стаў разбірацца, і сапраўды аказалася, што “Зара над Друццю”, у парушэнне дзеючага беларускага заканадаўства, не апублікавала дадзеныя пра маючыяся ў некалькіх кандыдатаў у дэпутаты судзімасці. Пры гэтым высветлілася, што ў змешчаных на сайце райвыканкама звестках судзімасці гэтых кандыдатаў указаныя, значыць, самі яны іх не хавалі”.
Па словах Барыса Вырвіча, ён адразу ж паспрабаваў высветліць, чаму адбываюцца парушэнні выбарчага заканадаўства, у Бялыніцкай раённай выбарчай камісіі.
“Я адразу ж патэлефанаваў у раённую выбарчую камісію, са мной размаўляла сябра камісіі Іванова Аксана Віктараўна (дарэчы, супрацоўніца Бялыніцкага райвыканкама), - кажа незалежны журналіст. – Калі я запытаўся ў яе, ці ведае яна, што пры размяшчэнні інфармацыі пра кандыдатаў у дэпутаты ў газеце “Зара над Друццю” парушанае выбарчае заканадаўства, бо не ўказана судзімасць кандыдатаў, яна сказала, што ведае, што гэта парушэнне. На пытанне, чаму так адбылося, адказала (прывожу даслоўна): “Я не ведаю, што вам адказаць. На гэтую тэму лепш запытайцеся ў старшыні камісіі Фурсавай Ірыны Уладзіміраўны. Яна будзе на працы ў панядзелак”. Спадарыня Іванова таксама сказала, што запісала мой зварот і перадасць мае пытанні кіраўніцтву камісіі. Я не стаў далей мучыць Аксану Віктараўну, бо яна вельмі разгубілася. Буду дабівацца тлумачэнняў ад старшыні камісіі.
Ведаеце, мне вельмі прыкра, што мясцовыя ўлады самі парушаюць выбарчае заканадаўства і пры гэтым размяшчаюць на райвыканкамаўскім сайце ў раздзеле “Выбары-2014” незразумелыя папярэджанні за подпісам начальніка Бялыніцкага РАУС палкоўніка Сіманава, такія як “Інфармацыя аб адказнасці за парушэнне выбарчага заканадаўства”. Няхай палкоўнік Сіманаў лепш бы не палохаў законапаслухмяных грамадзян адказнасцю за “масавыя беспарадкі”, а звярнуў увагу на незаконныя дзеянні Бялыніцкай раённай выбарчай камісіі”.
Нагадаем, што на пасяджэнні Бялыніцкай раённай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў Бялыніцкага райсавета 20 лютага не быў зарэгістраваны ні адзін з трох дэмакратычных прэтэндэнтаў у кандыдаты. Падставай для адмовы ў рэгістрацыі паслужылі нібыта маючыя месцы недакладнасці ў падпісных лістах за вылучэнне патэнцыйных кандыдатаў.
Таксама акруговыя камісіі Бялыніцкай выбарчай акругі №1 і Круглянскай выбарчай акругі №27 па выбарах дэпутатаў Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў 27 склікання ў гэты ж дзень адмовілі ў вылучэнні ў якасці кандыдатаў у дэпутаты двум актывістам кампаніі “Гавары праўду” з Бялыніч Пятру Шымбалёву і Алегу Мяцеліцу па аналагічных падставах.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”