Брэст: супольны пікет кандыдатаў (фота)
У Брэсце апазіцыйныя кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў упершыню зладзілі агульны агітацыйны пікет. Ён адбыўся 2 сакавіка каля супермаркета “Усход” на Партызанскім праспекце, а ўдзел у акцыі бралі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, Партыі БНФ, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, а таксама кампаніі “Гавары праўду!”.
Пікет працягваўся прыблізна две гадзіны, і за гэты час жыхарам Брэста былі раздадзены шматлікія агітацыйныя матэрыялы кандыдатаў з іх біяграфіямі і перадвыбарчымі праграмамі. Як адзначыў сябра БСДП (Г) Валянцін Лазарэнкаў, мінакі даволі актыўна падыходзілі да ўдзельнікаў пікета, бралі ўдзел у дыскусіі з кандыдатамі ў дэпутаты і пры гэтым казалі, што амаль не ведаюць нават прозвішчы цяперашніх “народных абраннікаў”, не кажучы пра іх дэпутацкую дзейнасць.
Акрамя таго, прадстаўнікі Партыі БНФ выставілі падчас мерапрыемства інфармацыйныя стэнды, якія паведамлялі пра апошнія падзеі вакол Украіны і засведчылі, што гэтая партыя рашуча асуджае расійскую ваенную агрэсію ў Крыме і выказвае сваю салідарнасць з народам Украіны і новымі ўладамі ў іх імкненні захаваць тэрытарыяльную цэласнасць сваёй дзяржавы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”