У пераважнай большасці райцэнтраў Гомельскай вобласці выбары пройдуць без выбару
У Лоеўскім, Кармянскім, Ельскім, Буда-Кашалёўскім, Жыткавіцкім, Хойніцкім, Чачэрскім, Лельчыцкім, Нараўлянскім раёнах Гомельскай вобласці выбары ў раённыя Саветы дэпутатаў пройдуць на безальтэрнатыўнай аснове. Выбаршчыкам прапануецца «выбіраць» дэпутата з таго, што ёсць у наяўнасці: на адну акругу – адзін кандыдат.
У астатніх райцэнтрах сітуацыя падобная. Напрыклад, у Мазыры на 40 дэпутацкіх месцаў – 41 кандыдат. У Брагіне – 34 кандыдаты на 33 мандаты. У Рагачове на 40 месцаў у райсавеце прэтэндуюць 43 чалавекі.
Дэпутатамі Лоеўскага райсавету плануюць стаць (са 100% гарантыяй, без наяўнасці канкурэнтаў) начальнік мясцовага РАУС, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму, начальнік РАНС (раённага аддзелу па надзвычайных сітуацыях), дырэктар педагагічнага каледжу, старшыня раённага спажывецкага таварыства, дырэктар камунальнай гаспадаркі, ваенны камісар райваенкамату і іншыя мясцовыя начальнікі. Праўда, ад вясковых акругаў дэпутатамі могуць стаць два трактарысты, фельчар, настаўнік, ляснік, астатнія ж – старшыні сельскіх саветаў і дырэктары сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Аналагічна ў Веткаўскі Савет дэпутатаў ідуць старшыні сельсаветаў, дырэктары сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, начальнікі аддзелаў райвыканкаму.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”