viasna on patreon

Адмова ў рэгістрацыі кандыдатам будзе разглядацца ў судзе

2014 2014-03-06T14:22:10+0300 2014-03-06T14:22:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sbor-podpisey.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Магілёвец Аляксандр Хамратаў скардзіцца на адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты. Адпаведную скаргу ён накіраваў у Магілёўскі абласны суд. Актывіст не губляе надзеі зарэгістравацца кандыдатам у дэпутаты.

Аляксандр Хамратаў кажа, што прычынай для адмовы яму ў рэгістрацыі стала рашэнне Магілёўскай гарадской выбарчай камісіі ад 19 лютага 2014 года, якая палічыла, што ў сабраных ім подпісах 5 з іх з'яўляюцца несапраўднымі, што складае 19,2% ад 26 правераных подпісаў.

Пасля адмовы ў рэгістрацыі Хамратаў напісаў скаргу ў Магілёўскую абласную выбарчую камісію, аднак скарга магілёўца не была задаволена.

"У рашэнні абласной выбарчай камісіі не пазначана, у чым выражаецца несапраўднасць маіх подпісаў. Гарадская ж камісія адзначыла, што прычынай маёй нерэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты стала тое, што адсутнічае рэгістрацыя падпісаўшыхся грамадзян у спісе выбаршчыкаў па пазначаных адрасах", - кажа Аляксандр Хамратаў.

Тым часам у падпісных лістах пазначана "Месца жыхарства", а не "Месца рэгістрацыі" грамадзян.

Праваабаронца Барыс Бухель кажа, што ў гэтым выпадку ў заканадаўстве ўтварыўся вакуум, бо ў адпаведнасці з Палажэннем аб рэгістрацыі грамадзян па месцы жыхарства і месцы знаходжання, якое зацверджана Указам №412 7 ліпеня 2007 года ўстаноўлена, што месцам жыхарства лічыцца месца, дзе ён пастаянна альбо пераважна пражывае, за выключэннем некаторых выпадкаў.

"У гэтым указе таксама пазначана, што рэгістрацыя па месцы жыхарства - гэта пастаноўка грамадзян на рэгістрацыйны ўлік па месцы іх жыхарства органамі рэгістрацыі. Такім чынам, можна казаць, што прычын для нерэгістрацыі Хамратава няма. У падпісных лістах дакладна пазначана месца жыхарства, а не месца рэгістрацыі грамадзян", - кажа Барыс Бухель.

Праваабаронца таксама адзначае, што тэрміны месца жыхарства і месца рэгістрацыі маюць зусім розную юрыдычную нагрузку. У адпаведнасці з імі грамадзянін можа жыць у адной частцы горада, а мець рэгістрацыю зусім і іншай.  

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства