Апазіцыйныя кандыдаты з Оршы не могуць распачаць агітацыйную кампанію
Аршанская друкарня адмаўляецца друкаваць агітацыйныя ўлёткі, патрабуючы пісьмовага дазволу з райвыканкаму, распавёў кандыдат ў дэпутаты райсавету, сябра Партыі БНФ Ігар Казмярчак.
Праблема не вырашаецца ўжо некалькі дзён, нягледзячы на ўмяшальніцтва абласной выбарчай камісіі.
“У мінулы аўторак я звярнуўся ў друкарню, каб замовіць улёткі. Спачатку мае матэрыялы прынялі, не было ніякіх праблем. Але праз колькі гадзін патэлефанавалі з друкарні і сказалі, што дазвол на друкаванне яны мусяць атрымаць ад райвыканкаму. Які дазвол, так і не патлумачылі: ці пра тое, што тэкст зацверджаны, ці пра тое, што ўвогуле друкаваць улеткі можна, я так і не даведаўся. Патэлефанаваў у Віцебскую абласную выбарчую камісію, там доўга раіліся, але ўрэшце прызналі, што заканадаўствам ніякія дазволы не прадугледжаны. Схадзіў у Аршанскі райвыканкам, там паабяцалі разабрацца, нават даручылі камусьці нібыта… Але і да сёння праблема не вырашана: я тэлефанаваў у друкарню, і там па-ранейшаму патрабуюць пісьмовага дазволу ад уладаў,” – распавёў Ігар Казмярчак.
6 сакавіка стала вядома, што “прытармазілі” не толькі ўлёткі Ігара Казмерчака. Пяцёра кандыдатаў – ад Партыі БНФ, АГП, партыі левых “Справядлівы свет” і прадстаўнік кампаніі “Гавары праўду” – падалі пісьмовую скаргу ў Аршанскую раённую выбарчую камісію.
Разам з кандыдатамі ў выбарчую камісію пайшоў лідар кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў, які прыехаў у Оршу падтрымаць мясцовага актывіста кампаніі Канстанціна Анташкевіча. У прысутнасці Уладзіміра Някляева старшыня раённай выбарчай камісіі паабяцаў, што праблема будзе вырашана. Сітуацыю ён патлумачыў тым, што “у друкарні працуе малады дырэктар”, і ён, як высветлілася, не ведае ні выбарчага заканадаўства, ні сваіх службовых абавязкаў.
Аднак абяцанні “разабрацца” пакуль не спраўдзіліся: у друкарні па-ранейшаму чакаюць “пісьмовага дазволу”. Кандыдаты, якія застаюцца без улётак, падкрэсліваюць, што марнуецца іхны час на агітацыю, парушаецца заканадаўства.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”