Віцебскі абласны суд падтрымаў падман выбаршчыкаў камісіяй
Каардынатарка аргкамітэту па стварэнні БХД Тацяна Севярынец і актывістка таго ж аргкамітэту Алена Шабуня спрабавалі аспрэчыць нерэгістрацыю ў якасці кандыдатаў – давесці, што выбаршчыкаў падманулі, прымусіўшы прызнаць свае подпісы за вылучэнне апазіцыянерак несапраўднымі. Суд не заўважыў у падмане нейкага парушэння.
Тацяна Севярынец атрымала адмову ад абласнога суду 5 сакавіка:
“Быў працэс, на якім я распавяла пра захады гарадской выбарчай камісіі, каб не зарэгістраваць мяне, забракаваўшы частку подпісаў. Захады гэтыя інакш як падманам не назавеш: да людзей прыходзіла праверка і пыталася, ці іхныя подпісы ў падпісных аркушах. Людзі пацвярджалі, але іх прасілі засведчыць гэта яшчэ адным подпісам у адмысловым бланку. Людзі даверлівыя, яны той бланк і не глядзелі! А потым высветлялася, што падпісалі яны заяву, дзе гаварылася, што дату ў падпісным лісце ставілі нібыта не яны, а зборшчыкі. Пра такое пытанне іх нават не папярэджвалі! Больш таго: калі, прыкладам, за маё вылучэнне падпісвалася жонка, то “пацвердзіць”, ці яе гэта подпіс, прасілі ці мужа, ці сына – каго знайшлі ў хаце. Абласны суд не палічыў гэта парушэннем – ні махлярства з падпісаннем дадатковых паперак, ні тое, што сведчылі за кагось зусім іншыя людзі!”
Тацяна Севярынец даведалася пра “фокус” з дадатковымі бланкамі ад саміх абураных выбаршчыкаў. Яны напісалі пра гэта пісьмовыя тлумачэнні і гатовыя былі пайсці ў суд сведкамі. Але нават позвы на працэс не атрымалі:
“У абласным судзе позвы чамусці хацелі выдаць мне – каб я сама запрашала людзей. Хіба гэта мой абавязак, а не суда? Я адмовілася гэта рабіць найперш таму, што 4 сакавіка ездзіла на пахаванне Рыгора Барадуліна ў Вушачы. А 5-га, на судзе, проста абвясцілі, што сведкі не з’явіліся! Ніводзін! Я маю вялікія сумневы, што позвы ім увогуле перадавалі. На тым усё і скончылася: мае сведчынні прызналі не вартымі ўвагі, а дзеянні гарадской выбарчый камісіі, на чале са старшынёй Валянцінай Казакоўскай, якая сама брала ўдзел у праверках, палічылі законнымі”.
6 сакавіка па такім самым сцэнары прайшоў працэс і па скарзе актывісткі аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Алены Шабуні. Яна паспела запрасіць некалькі сведкаў, папрасіла правесці экспертызу – чыёй жа ўсё-ткі рукой прастаўляліся даты ў падпісных аркушах, але ўсё было марным. Віцебскі абласны суд вырашыў, што і яе не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты цалкам законна.
На мінулым з такой самай нагоды ў Віцебскі абласны суд звярталіся каардынатар руху “За свабоду” па Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў і актывіст аргкамітэту па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Аляксей Гаўруцікаў. У іх таксама гарадская выбарчая камісія выявіла падобныя факты – што даты на падпісных аркушах нібыта ставілі не самі выбаршчыкі. І абласны суд стаў на бок камісіі, заявіўшы, што на момант рэгістрацыі камісія мела заявы выбаршчыкаў пра нібыта парушэнні. А калі людзі адмовіліся і заявілі, што памыліліся, не прачытаўшы, што яны падпісваюць “прызнанні” наконт даты, рэгістрацыя ўжо скончылася, і цяпер нічога не зробіш.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”