viasna on patreon

Гродзенскі абласны суд не задаволіў скаргу Івана Крука на адмову ў рэгістрацыі кандыдатам

2014 2014-03-07T11:23:10+0300 2014-03-07T13:01:07+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ivan_kruk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Іван Крук

Іван Крук

Не задаволенай засталася скарга астравецкага грамадскага актывіста Івана Крука на адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты раённага савета. 6 сакавіка суддзя Гродзенскага абласнога суда Людміла Малючок, выслухаўшы пазіцыі бакоў, падтрымала прадстаўнікоў камісій.

   Інтарэсы Астравецкай раённай камісіі на разглядзе скаргі прадстаўляла яе сакратар Алена Грабоўская, а Гродзенскай абласной – сакратар Іосіф Грыбоўскі. Прыехаў на працэс і старшыня Астравецкай раённай камісіі Эдуард Свірыд. Дарэчы, Свірыд – прадстаўнік “Белай Русі”, журналіст, які зараз узначальвае групу інфармацыі, што прапагандуе будаўніцтва Астравецкай АЭС.

   20 лютага Астравецкая раённая камісія не зарэгістравала Івана Крука кандыдатам у дэпутаты па Цэнтральнай выбарчай акрузе №1, папярэдне правёўшы праверку ягоных падпісных лістоў. У выніку такой праверкі частка подпісаў камісіяй была прызнаная несапраўднай, пра што былі складзены адпаведныя акты – па сцверджанні камісіі, у шэрагу подпісаў дата была пастаўлена не рукой выбаршчыка, а двое грамадзян – Цыбульскі і Фалевіч пацвердзілі, што ў падпісных лістах не распісваліся. Іван Крук са свайго боку сцвярджае, што сам збіраў гэтыя подпісы і ніякіх парушэнняў заканадаўства не дапусціў. Ён перакананы, што на выбаршчыкаў быў аказаны ціск з боку прадстаўнікоў камісіі, а таксама розных службовых асоб, у выніку чаго яны адмовіліся ад подпісаў. Абласная камісія, якая 28 лютага сярод іншых разглядала скаргу Крука, стала на бок раённай камісіі.

   Пры разглядзе скаргі ў судзе Іван Крук заявіў хадайніцтва пра правядзенне почырказнаўчай экспертызы, супраць гэтага катэгарычна выказаліся прадстаўнікі іншага боку, а таксама пракурор Аніскавец. У выніку суддзя Людміла Малючок хадайніцтва адхіліла, а пасля перапынку абвесціла адмоўнае рашэнне для Крука. Іван Крук рыхтуе зараз скаргу на імя старшыні Гродзенскага абласнога суду, а таксама мае намер далей даводзіць сваю правату ў органах пракуратуры.

Застаецца дадаць, што выбары ў Астравецкі раённы савет будуць абсалютна безальтэрнатыўнымі – па 25 выбарчых акругах зарэгістравана 25 кандыдатаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства