viasna on patreon

Вазьняка аштрафавалі за правядзеньне перадвыбарчага пікету

2014 2014-03-07T12:04:25+0300 2014-03-07T12:04:25+0300 be

Судзьдзя Савецкага раённага суду Менску Марына Фёдарава аштрафавала на 40 базавых велічынь (5 мільёнаў 200 тысяч рублёў) кандыдата ў дэпутаты Менскага гарадзкога савета па Кальварыйскай выбарчай акрузе № 38 Сяргея Вазьняка.

 

Вазьняк правёў 22 лютага перадвыбарчы пікет каля Камароўскага рынку, папярэдне паведаміўшы пра гэта ў Менгарвыканкам (як патрабуе Выбарчы кодэкс). Ён апусьціў пісьмовае паведамленьне ў скрыню гарвыканкама, адмыслова прызначаную для зваротаў і заяваў грамадзян.

Але гэты ліст зьнік, што дало падставу для абвінавачаньня кандыдата ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства.

Довады Вазняка і яго абаронцы аб тым, што артыкул 3 закона «Аб масавых мерапрыемствах» ўсталёўвае, што яго дзеяньне не распаўсюджваецца на правядзеньне мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў рамках выбарчых кампаній, судзьдзёй былі праігнараваныя.

Вазьняк настойваў на тым, што любыя інцыдэнты, якія адбываюцца ў пэрыяд перадвыбарчай агітацыі, павінны кваліфікавацца ў рамках Выбарчага кодэкса, а не ў рамках заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, і прапаноўваў накіраваць справу на разгляд тэрытарыяльнай выбарчай камісіі.

«Я лічу рашэньне, прынятае Марынай Фёдаравай, неправавым. Зь 19 лютага (з моманту рэгістрацыі кандыдатам) і па 22 сакавіка (апошні дзень перадвыбарчай агітацыі) я знаходжуся пад юрысдыкцыяй Выбарчага кодэкса, і ўсе мае дзеяньні як кандыдата ў дэпутаты павiнны разглядацца не міліцыяй і судамі, а выбарчай камісіяй. Я думаю, „наезды“ улады на кандыдатаў, якiя падтрымлiваюцца кампаніяй „Гавары праўду“, зьвязаныя з тым, што асновай нашых перадвыбарных праграмаў сталі шэсьць пытаньняў Народнага рэфэрэндуму. Так што гэты штраф я разглядаю як хвалу за прапаганду рэферэндуму», — заявіў Свабодзе спадар Вазьняк.

Ён зьбіраецца абскардзіць рашэньне судзьдзі Фёдаравай ў Менскім гарадзкім судзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства