У інтэрнэце распаўсюджваюць "кампрамат" на віцебскага апазіцыйнага кандыдата
Хрыстафор Жаляпаў, якога нехта спрабуе выставіць у непрывабным святле, не здзіўлены: "Гэтыя фотаздымкі, дзе я сяджу ў рэстарацыі на юбілеі сябра, мне паказвалі яшчэ ў 2003 годзе. Тады іх спрабавалі выкарыстаць для шантажу, а цяпер – для дыскрэдытацыі, нібыта я злоўжываю алкаголем".
Хто той "добразычлівец", які рассылае электронныя лісты са спасылкамі на фотаздымкі, віцебскі каардынатар Hуху "За Свабоду" не ведае. Але пералік атрымальнікаў вядомы – гэта некалькі віцебскіх апазіцыйных актывістаў і незалежныя журналісты Алена Сцяпанава і Сяргей Серабро.
"Можа, тыя, хто дасылаў гэты "кампрамат", хацелі нам "адкрыць вочы"? Прынамсі, калі яшчэ ў лютым я атрымала ліст у сацыяльнай сетцы "ВКонтакте" ад невядомай мне асобы, я адразу перапытала: "Навошта вы дасылаеце мне гэтыя спасылкі?". У адказ прыйшло: "Таму, што вы – журналіст". Гэта былі спасылкі на нейкія карыкатуры і фотакалажы з вядомымі ў Віцебску асобамі - праваабаронцам Паўлам Левінавым, палітыкамі Вольгай Карач і Сяргеем Рыжовым, а таксама Хрыстафорам Жаляпавым. Што да апошняга, то на 100% сказаць, што гэта ён, і не магчыма: на адным фотаздымку здалёк відаць чалавек з барадой, які сядзіць у рэстарацыі, на другім – увогуле толькі макушка, а твару не відаць.Я вырашыла, што гэта ўсё не варта ўвагі, а праз колькі дзён і ўвогуле забылася. Пакуль некалькі дзён таму "дабразычлівец" зноў не выйшаў на сувязь", -- распавяла Алена Сцяпанава.
Гэтым разам, паводле журналісткі, падрыхтоўка "ўкіду" была больш сур'ёзная: інфармацыя распаўсюджвалася са спасылкай нібыта на стваральніка Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі "Белая Русь" Сяргея Рыжова:
"Я атрымала спасылкі на старонкі Рыжова ў Фэйсбуку і "Вконтакте". Але дакладна магу сказаць, што гэта "фэйк", падробка, бо сапраўдныя старонкі Рыжова ў гэтых сетках выглядаюць інакш. Такім чынам, нехта знарок "замаскіраваўся", каб пісаць розную лухту. Хто гэтым займаецца, мне сказаць цяжка. Але хачу зазначыць: апошні ліст са спасылкамі на фотаздымкі прыйшоў ужо да нас з Сяргеем Серабром у асабістыя электронныя скрыні. І з таго самага адраса, з якога раней прыходзілі лісты з пагрозамі расправы за журналісцкую дзейнасць".
Аднолькавыя лісты з загалоўкам "Ведай, куды язык можа давесці" Сяргей Серабро і Алена Сцяпанава атрымалі ў пачатку жніўня мінулага года. Нехта, падпісаўшыся імем Яўген Мішакоў, крытыкаваў інфармацыйную палітыку "Радыё Свабода" і "БелаПАН" ды зневажаў незалежных журналістаў.
Цяпер нехта Яўген Мішакоў рассылае "кампрамат" дзесяцігадовай даўніны яшчэ і па адрэсах віцебскіх актывістаў. Адным з атрымальнікаў стаў Аляксаей Гаўруцікаў, актывіст аргкамітэту па стварэнні Сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада", які балатуецца ў Віцебскі абласны савет. Ён і пераслаў спасылку на фотаздымкі Хрыстафору Жаляпаву.
"Я не думаю, што ў мяне ёсць нейкія асабістыя ворагі, якія вырашылі мяне скампраметаваць у вачах маіх знаёмых. Лічу, што гэта наўпрост звязана з маім удзелам у выбарчай кампаніі – я балатуюся ў аблсавет, -- і менавіта таму фотаздымкі былі разасланыя незалежным журналістам. Хто б гэтым ні займаўся – ці то спецслужбы, ці то прыватныя асобы, - намеры іх зразумелыя. Камусьці хочацца стварыць вакол мяне нядобрую атмасферу ці хаця б проста папсаваць мне нервы", -- лічыць Хрыстафор Жаляпаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”