У Гомелі хуліганы напалі на пікет кандыдата ў дэпутаты ад АГП
У Гомелі 11 сакавіка агітацыйны пікет праводзіў кандыдат у дэпутаты гарсавету па Студэнцкай акрузе Зміцер Карпенка, сябра АГП. На адным з плакатаў ён выказаў свае адносіны да падзей ва Украіне, напісаўшы «Кандыдат Зміцер Карпенка – супраць вайны, за Украіну!». Пікет праходзіў на дазволенай пляцоўцы каля ДК «Фестывальны» у Савецкім раёне. Спачатку насупраць пікета стаяў міліцэйскі аўтамабіль, потым ён з'ехаў, і тут жа праз колькі хвілін з'явіліся хуліганы, якія напалі на кандыдата.
Двое маладых чалавек «спартыўнай знешнасці» пачалі пагражаць кандыдату, кідацца да яго, лаяцца матам. Большасць іх прамовы складала брудная лаянка і пагрозы. «Ты хочаш вайну, ....? Майдан нам тут хочаш распачаць, ....?! Едзь, ..., ва Украіну і там рабілі Майдан, стой там з плакатам! - крычалі невядомыя і кідаліся ў бойку. - Не стой тут! Прыбяры свае плакаты, ...!»
Невядомыя сварыліся, лаяліся, кідаліся біцца, затым селі ў аўтамабіль, які стаяў побач, і назіралі за пікетам. Потым яны ўсё-такі зноў выскачылі з аўтамабіля, пачалі абражаць кандыдата, лаяцца, што «фашыст ты!» і забралі ў яго плакат.
Варта заўважыць, што некаторыя прахожыя нервова рэагавалі на пікет. Напрыклад, адзін пенсіянер пачаў крычаць, што «вайну Амерыка развязвае, ва ўсім Амерыка вінаватая!»
Адна пенсіянерка спыталася: за каго кандыдат у дэпутаты? Зміцер Карпенка адказаў, што ён «за мір ва ўсім свеце». «А, значыць вы за Украіну», - зрабіла выснову пенсіянерка.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”