Лябедзьку пакаралі штрафам на 3.9 млн рублёў
Сёння ў судзе Савецкага раёна Мінску лідэра АГП прызналі вінаватым у правядзенні несанкцыянага масавага мерапрыемства і аштрафавалі на 30 б.в. Суддзя - Якубоўскі.
Нагадаем, 2 сакавіка ў Мінску каля Камароўскага рынку прайшоў пікет «За сумленныя выбары». Яго правялі актывісты АГП і «Маладой Беларусі» ў знак салідарнасці з Украінай. І хаця папярэдне была пададзеная адпаведнае заяўка, супрацоўнікі РАУС Савецкага раёна абвясцілі гэтае мерапрыемства па-за законам. На лідэра АГП быў складзены адпаведны пратакол.
Па меркаванні Анатоля Лябедзькі, «гэта яшчэ адно пацвярджэнне, што ні пра якія выбары размова не ідзе».
«Гэта ёсць рэакцыя на пасланне Аб’яднанай грамадзянскай партыі, вельмі жорсткае ў адносінах да ўладаў, – паведаміў Анатоль Лябедзька. – Таму ўсе пікеты з маім удзелам, незалежна ад таго, дзе яны былі – ў Гродне, Брэсце ці Мінску, пасля праходзяць «зачыстку» з боку сілавых структур. Гэты суд – яшчэ адзін доказ».
Сёння ж у Брэсце будуць судзіць мясцовых актывістаў АГП, якіх таксама вінавацяць у правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства.