Аляксей Гаўруцікаў не змог адолець сцяну цэнзуры дубровенскай газеты
Віцебскі незалежны кандыдат у дэпутаты абласнога савету не можа скарыстацца сваім правам надрукаваць агітацыйныя матэрыялы ў дубровенскай раённай газеце. У гэтым яму адмаўляе рэдактар дзяржаўнага выдання. І ЦВК у адказе на скаргу Аляксея Гаўруцікава падтрымлівае гэтую пазіцыю, маўляў, "мае права адмовіць".
Рэдактар "Дняпроўскай праўды" Святлана Шурпакова заявіла, што ў праграме кандыдата ўтрымліваецца "прыхаваны заклік да змянення канстытуцыйнага ладу і змены ўлады". І таму агітацыйныя матэрыялы надрукаваныя не будуць.
"Кожны кандыдат мае права скарыстацца сродкамі выбарчага фонду і надрукаваць свае агітацыйныя матэрыялы ў СМІ. Гэта маё права! І рэдактар не можа ладзіць нейкую цэнзуру. Заўвагі мне мусіць рабіць выбарчая камісія, а не рэдактар. Тым больш, што гэты тэкст рэдактары ўжо бачылі: я агучваў яго падчас радыёвыступу, і заўвагаў да мяне не было. Таму я напісаў скаргі на дзеянні Святланы Шурпаковай . У пракуратуру і ў ЦВК, " -- распавёў кандыдат.
Адказ з ЦВК Аляксей Гаўруцікаў ужо атрымаў. З яго вынікае, што кандыдат, канешне, мае права на публікацыі матэрыялаў, толькі вось СМІ таксама мае права – адмовіць.
"Мне адказалі, што паводле закону аб СМІ ніхто не мае права змусіць выданне надрукаваць адхіленыя матэрыялы. І што выбарчае заканадаўства рэгулюе толькі грашовыя ўзаемаадносіны паміж кандыдатам і СМІ. Так што маё права на публікацыі цалкам перакрэслена правам выдання нічога не друкаваць. І нават без тлумачэння прычын," – кажа Аляксей Гаўруцікаў.
Для віцебскага апазіцыянера, актывіста аргкамітэту па стварэнні Сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада", такая супярэчнасць ужо не з'яўляецца чымсьці зусім новым:
"Гэта нагадвае сітуацыю з масавымі акцыямі ў Віцебску. Усе нібыта маюць права іх арганізоўваць і праводзіць, але віцебскі гарвыканкам запатрабаваў, каб разам з заяўкай да іх прыносілі дамовы на абслугоўванне акцый структурамі ЖКГ, міліцыяй і медыкамі. Дык вось гэтыя структуры з намі папярэднія дамовы заключаць адмаўляюцца, і прымусіць іх таксама нельга. Атрымліваецца тое самае: мы маем права праводзіць пікет ці мітынг, але адказныя асобы маюць права не заключаць з намі дамовы. У выніку ніводнай масавай акцыі па ініцыятыве віцебскіх актывістаў за апошнія 4 гады так і не дазволілі".
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”