У Магілёве кандыдат дабіўся перадруку ўлётак з біяграфічнымі дадзенымі
У надрукаваных Ямніцкай акруговай выбарчай камісіяй №35 і Магілёўскай гарадской выбарчай камісіяй улётках біяграфічныя звесткі пра прэтэндэнта ў дэпутаты Аляксея Паўлоўскага не былі поўнымі і дакладнымі.
Члены выбарчай камісіі ўжо паспелі распаўсюдзіць палову надрукаванага наклада ўлётак па Ямніцкай выбарчай акрузе №35 (абласны Савет дэпутатаў) і ўвесь наклад па Завадской выбарчай акрузе №3 (гарадскі Савет дэпутатаў), аднак пасля скаргі Паўлоўскага ў абласную пракуратуру і абласную выбарчую камісію прыпынілі распаўсюд гэтых улётак.
Пасля таго, як скаргі дэмакратычнага кандыдата былі разгледжаны, было прынята рашэнне дапоўніць біяграфію дэмакратычнага актывіста і выдаць новы наклад улётак.
“Гарадская камісія напісала толькі, дзе я нарадзіўся і што я беспрацоўны. Я дадаў да біяграфічных звесткі пра сваю адукацыю, спецыяльнасць, а таксама апошняе месца працы. Крышку больш пра мяне звестак дала Ямніцкая акруговая выбарчая камісія №35, аднак і там былі не поўныя звесткі. Акруговая камісія напісала што я беспрацоўны, аднак я часова беспрацоўны. Я таксама дадаў усе непазначаныя месцы працы пасля 2004 года”, - гаворыць Аляксей Паўлоўскі.
Кандыдат у дэпутаты кажа, што, паводле членаў камісіі, мясцовыя ідэолагі адцэнзуравалі яго біяграфію і загадалі выпусціць яе ў такім выглядзе.
Аляксей Паўлоўскі кажа, што гэта з’яўляецца ўмяшальніцтвам выканаўчай улады ў працэс арганізацыі і падрыхтоўкі выбараў. З гэтай нагоды ён мае намер пісаць скаргі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”