Гродна: “дэпутат” як сінонім заможнасці
Калі звярнуць увагу на сацыяльны і маёмасны стан кандыдатаў у дэпутаты гродзенскага гарадскога савету, то высвятляецца, што сярод вылучаных уладай асобаў – спрэс высокія чыноўнікі, службоўцы і кіраўнікі прадпрыемстваў, якія маюць досыць вялікія па мерках Беларусі заробкі і высокі маёмасны стан.
Паводле афіцыйных даденых, найбольшы заробак у месяц сярод трыццаці уладных вылучэнцаў за мінулы год меў начальнік упраўлення сацыяльнага развіцця ААТ «Азот» Віктар Русак – 22 мільёны 79 тысяч заробку ў месяц. Далей у спісе найбольш багатых будучых «слугаў народу» ідуць намеснік дырэктара акцыянернага таварыства «Саюзпраммантаж» Віталь Уфімцаў – 21 мільён 841 тысяча штомесяц, нядаўна звольнены начальнік Гродзенскай абласной міліцыі Уладзімір Сычэўскі – 21 мільён 373 тысячы, дырэктар Гродзенскага механічнага заводу Сяргей Івароўскі – 20 мільёнаў 541 тысяча, цяперашні старшыня гарадскога Савету дэпутатаў Анатоль Нікіцін – 20 мільёнаў 379 тысяч, першы намеснік дырэктара прадпрыемства «Гродзенскае агенства па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» Генадзь Карповіч – 18 мільёнаў 908 тысяч, начальнік цэху прадпрыемства «Молочный мир» Пётр Паграноўскі – 15 мільёнаў 475 тысяч, галоўны лекар гарадской бальніцы хуткай дапамогі Сяргей Лазарэвіч – 14 мільёнаў 499 тысяч. Крыху меншыя заробкі ў гарадскога пракурора Уладзіміра Клішына – 12 мільёнаў 842 тысячы і першага намесніка старшыні гродзенскага гарвыканкаму Барыса Фёдарава – 12 мільёнаў 653 тысячы.
Такія заробкі ў месяц і не сніліся рабочым, сярэднім і дробным службоўцам, звычайным настаўнікам ці лекарам. Можа таму іх і няма ў спісе прэтэндэнтаў у дэпутаты. Слова «дэпутат» у Гродне становіцца сінонімам не толькі ўплывовасці, але і заможнасці.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”