Ігар Лялькоў: Назіральнікі за выбарамі павінны мабілізавацца і годна выканаць свае абавязкі
Улады падчас выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы зраблілі ўсё магчымае, каб максімальна зменшыць колькасць назіральнікаў ад грамадскай кампаніі "Права выбару".
Аднак, як сказаў яе каардынатар, намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, гэта патрабуе ад застаўшыхся ўдзельнікаў назірання максімальна мабілізавацца і годна выканаць свае абавязкі.
Ігар Лялькоў:
- У нас не зарэгістравалі амаль палову кандыдатаў з тых, на акругах якіх планавалася назіранне. Гэтыя спробы звузіць абшар нашага назірання працягваюцца і зараз. Але, нягледзячы на гэта, мы ўпэўненыя, што ўжо праз пяць дзён, 18 сакавіка, у дзень пачатку датэрміновага галасавання, нашыя назіральнікі масава выйдуць на ўчасткі і будуць змагацца за вызначэння сапраўднага волевыяўлення грамадзян.
Ілюзіяў, што гэтыя выбары пройдуць дэмакратычна і сумленна, у нас няма. І таму назіральнікі ад кампаніі "Права выбару" настройваюцца на змаганні з парушэнямі ўсімі даступнымі легальнымі сродкамі, - запэўніў Ігар Лялькоў.
Выбары ў мясцовыя саветы ў Беларусі пройдуць 23 сакавіка.