Гомельскага актывіста Уладзіміра Шыцікава змясцілі ў ізалятар за антываенны пікет
15 сакавіка на ажыўленай вуліцы ў Гомелі, каля буйнога гандлёвага дому «Рэчыцкі» актывісты Аб'яднанай грамадзянскай партыі зладзілі перадвыбарны пікет. Яго ўдзельнікі трымалі ў руках плакаты з лозунгамі «Патрабуем сумленныя выбары», «Вярніце выбары», «23 сакавіка - чарговыя нявыбары».
Пікет, у якім прымалі ўдзел лідары АГП Анатоль Лябедзька і Васіль Палякоў, доўжыўся гадзіну. За пікетам назіралі супрацоўнікі міліцыі ў форме, а невядомыя людзі ў цывільным здымалі на відэа.
Пасля завяршэння пікету быў затрыманы адзін з ягоных удзельнікаў - гомельскі сябра АГП Уладзімір Шыцікаў. Ён трымаў у руках плакаты з надпісамі: «Пуцінская Расія, ты звар'яцела» і «Бляск рэзідэнцый не ратуе дыктатара». Падчас правядзення пікету міліцыянеры прасілі Шыцікава прыбраць плакат, паколькі ён не адпавядае выбарчай тэматыцы, але ён адказаў, што нічога не парушае, і працягнуў трымаць плакаты.
Уладзімір Шыцікаў быў затрыманы і дастаўлены ў Савецкім РАУС Гомеля.
Неўзабаве пасля затрымання актывіст перастаў адказваць на званкі, пазней стала вядома, што ён дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе прабудзе да пасяджэння суда, якое адбудзецца ў панядзелак.
Хутчэй за ўсё Уладзімір Шыцікаў абвінавачваецца ў правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”