Баранавічы: пікет супраць вайны і за свабоду Мікалая Статкевіча (фота)
Кандыдат у дэпутаты Баранавіцкага гарадскога савета па гарадской выбарчай акрузе № 15 Рыгор Грык 15 сакавіка ў маладым парку горада правёў адзіночны пікет супраць вайны і за свабоду Мікалая Статкевіча. Прафсаюзны актывіст, адзеўшы турэмнае адзенне, трымаў у руках 2 плакаты “Свабода Мікалаю Статкевічу” і “Не вайне”. Дадзены пікет быў санкцыянаваны ўладамі і праводзіўся пад пільным вокам міліцыі. Праўда, супрацоўнікам патрульна-паставой службы Яўгену Блізнюку і Марку Лінгу не спадабалася адзенне пікетоўшчыка і асабліва змест плакатаў. Яны спрабавалі спыніць дазволены пікет. Аднак Рыгор Грык змог адстаяць сваё права на свабоду сходаў, гарантаванае арт. 35 Канктытуцыі і Выбарчым кодэксам РБ.
– На нашых вачах пачынаецца вайна Расіі з Украінай. Гэта адкрытая агрэсія Расіі супраць братняга народу, таму я і хачу выказаць свой пратэст. Адначасова я заўляю, што ў Беларусі не павінна быць палітычных зняволеных, нельга саджаць людзей у турмы за іх погляды. Спадзяюся, што да 9 траўня ў нас не будзе палітзняволеных, – паведаміў Рыгор Грык.
Правесці пікет кандыдату ў дэпутаты не перашкодзілі як моцны вецер і дождж са снегам, так і агрэсіўна настроенныя некаторыя гараджане.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”