На пікеце ў Менску канфіскавалі ўлёткі “Свабоду палітвязьням!”
У кандыдата ў дэпутаты Мінгарсавета ад Партыі БНФ Ільлі Дабратвора, які 16 сакавіка праводзіў перадвыбарчы пікет каля Камароўскага рынку ў Менску, канфіскавалі каля 200 перадвыбарчых улётак. Адметна, што асаблівая ўвага да агітацыйных матэрыялаў спадара Дабратвора была выкліканая размешчанымі на ўлётках зьвесткамі пра беларускіх палітвязьняў і лозунгам “Свабоду палітвязьням!”.
Кандыдат ад Партыі БНФ так падзяліўся ўражаньнямі ад перадвыбарчага пікета:
“Вынікі пікету ў цэлым станоўчыя акрамя таго, што праз паўтары гадзіны начальнік аналітычнага аддзела Савецкага РАУС Мінска заўважыў, што ў улётак ёсць яшчэ і іншы бок (там дзе інфармацыя пра палітвязьняў) і забраў каля 200 штук без аніякага афармленьня – нібыта палітвязьні не датычацца да мясцовых выбараў” – паведаміў Ільля Дабратвор. Саміх удзельнікаў пікету не затрымлівалі. На ўлётцы кандыдата ў дэпутаты з аднаго боку размешчаная інфармацыя пра кандыдата, лёзунгі “Не вайне!”, “За Беларусь!”, “За будучыню!”, “Жыве Беларусь!”. З другога боку ўлётак – інфармацыя пра дзесяцёх беларускіх палітвязняў, паведамляе сайт Партыі БНФ.
Гэта не першы выпадак канфіскацыі друкаванай прадукцыі у Дабратвора. 14 сакавіка супрацоўнікі ДАІ спынілі машыну, у якой знаходзіліся ён і кандыдат у дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Антон Жылко. Яны сустракалі маладвронтаўца Зьміцера Дашкевіча, які выйшаў у пятніцу з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна пасьля 12- сутачнага адміністратыўнага арышту. У РУУС Маскоўскага раёна Менску актывісты прабылі больш за тры гадзіны. У Дабратвора там таксама была канфіскаваная друкаваная прадукцыя: больш за тысячу афіцыйных улётак кандыдата, некалькі асобнікаў бюлетэню ”Навіны БНФ ” і ўлёткі кампаніі назірання “Права выбару”.
Ілля Дабратвор у бліжэйшы час рыхтуецца абскардзіць незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".