Рэчыца: старшыня райвыканкаму палохае выбаршчыкаў апазіцыяй і падзеямі ва Украіне
Са зваротам да жыхароў раёна зрабіць «правільны выбар» звярнуўся на старонках газеты «Дняпровец» старшыня Рэчыцкага райвыканкаму Віталь Панчанка. Свае разважанні ён пачаў з адзнакі дэпутатаў мясцовых Саветаў 26 склікання, і назваў іх «безумоўна правільнымі». «Без лішняга шуму, нікому не патрэбных дэбатаў, нейкіх гучных заяў-выступаў, якія, як правіла, зводзяцца да таго, каб паказаць сваю асабістую значнасць і непаўторнасць, нашы Саветы канструктыўна рабілі сваю справу», - выказаўся Віталь Панчанка.
Чыноўнік узгадаў сусветны фінансавы крызіс і гандлёвыя войны, і прыйшоў да высновы, што Беларусь здолела «захаваць галоўнае – парадак і бяспеку для ўсіх грамадзян».
Старшыня выканкаму праінфармаваў выбаршчыкаў, што жыхары Расіі, Украіны і Малдовы «шчыра зайздросцяць нашаму парадку, дабрабыту і накіраванасці нашай дзяржавы на рэальны вынік для большасці сваіх грамадзян». Віталь Панчанка перайшоў да тых, хто «можа быць супраць таго, каб жыццё беларускіх грамадзян паляпшалася». Хто ж гэтыя ворагі, якія супраць паляпшэння жыцця беларусаў? «Толькі тыя, каму трэба вырашыць канкрэтныя карысныя задачы сваіх заакіянскіх гаспадароў і атрымаць за гэта свае трыццаць срэбранікаў. Што мы зараз і бачым у нашай паўднёвай суседкі», - піша былы дырэктар калгасу, які з нядаўняга часу (мінулых выбараў) узначаліў Рэчыцкі райвыканкам.
«Такога (напэўна, маючы на ўвазе падзеі ва Украіне, - РЭД) людзі хацелі бы і ў нас, у Беларусі. Яны грукаюцца ў нашы дамы і пад выглядам агітацыі за «свабодных» кандыдатаў ад апазіцыі спрабуюць пераканаць нас, што з іх прыходам да ўлады ў нас пацякуць малочныя рэкі з кісельнымі берагамі», - выкрывае змовы чыноўнік.
На самой справе, як ён піша, апазіцыя хоча не дабра для народа, а «раскачаць наш човен знізу, праз укараненне сваіх прадстаўнікоў у мясцовыя органы ўлады». Віталь Панчанка ўпэўнена піша, што прадстаўнікі апазіцыі «грошы на гэта атрымалі, якія трэба адпрацаваць».
Начальнік зноў узгадвае падзеі ў суседняй краіне, пішучы, што «не дай Бог нам такой «дэмакратыі», як зараз ва Украіне».
Ён, дарэчы, «не супраць дэмакратыі, свабоды і рынкавых адносін», але «усё гэта ў нас ёсць, і ўсё гэта трэба развіваць і ўдасканальваць».
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”