Навучэнцы аршанскага медкаледжу галасуюць пад кантролем
На ўчастак №6 Маладзёжнай выбарчай акругі прыйшла жанчына і сказала выбарчай камісіі, што мусіць паглядзець, як галасуюць студэнты медыцынскага каледжу. Пра гэты выпадак паведаміў назіральнік Яўген Анішчанка.
На думку назіралніка, гэта незаконнае ўмяшальніцтва ў працу выбарчай камісіі, а таксама парушэнне дабраахвотнага прынцыпу ўдзелу ў выбарах:
"Я спытаўся ў гэтай жанчыны, ці збіраецца яна сама галасаваць. Аказалася, што не – яна прыпісана да іншага ўчастка. А тут – з праверкай. Я звярнуўся да міліцыянера, каб гэтую жанчыну затрымалі за парушэнне, аднак ён нават не падняўся з крэсла. Жанчына назваць сваё імя, прозвішча адмовілася і сыйшла".
Як потым даведаўся Яўген Анішчанка, незнаёмая спадарыня працуе куратарам у медкаледжы. Яе калегі таксама цікавяцца, ці актыўна галасуюць студэнты – медыкі, але распытваюць пра гэта ў калідоры.
Пра тое, што пабочныя асобы звяртаюцца да камісіі па інфармацыю наконт яўкі выбаршчыкаў, Яўген Анішчанка напісаў скаргу ў раённую выбарчую камісію. Ён просіць правесці праверку і высветліць імя і прозвішча жынчыны – удзельніцы інцыдэнту.
Аршанскі ўчастак №6 у Маладзёжнай выбарчай акрузе – гэта той самы, дзе за першую гадзіну першага дня працы запісаліся на галасаванне дома 340 чалавек. Назіральнік Яўген Анішчанка збіраецца ездзіць з сябрамі камісіі па кватэрах, каб спраўдзіць, ці насамрэч атрымана так шмат замоваў. Бо ў яго склалася ўражанне, што камісія разыграла нейкі спектакль: у яго прысутнасці было шмат тэлефанаванняў наконт галасавання на даму, а як толькі ён сышоў, званкоў болей не было.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”