Салігорск: Улады маніпулююць з яўкай выбаршчыкаў
Незалежныя назіральнікі фіксуюць шэраг парушэнняў у ходзе датэрміновага галасавання на выбарчых участкай Салігорскай раённай выбарчай акругі.
У межах кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” кропкавае назіранне за хадой мясцовых выбараў у рэгіёне ажыццяўляюць салігорскія праваабаронцы Беларускага Хельсінскага Камітэту. Па словах прадстаўніка БХК у сталіцы шахцёраў Леаніда Мархоткі, ужо на дадзеным этапе можна казаць пра маніпуляцыі ўладаў з яўкай выбаршчыкаў.
- Хаця на мясцовых выбарах мінімальны парог яўкі адменены, улады ўсё адно імкнуцца стварыць выгляд актыўнага ўдзелу насельніцтва ў працэсе галасавання. Зрэшты, гэта ў іх атрымліваецца досыць нязграбна, - кажа спадар Мархотка. - З аднаго боку, нашы назіральнікі на ўчастках фіксуюць выкарыстоўванне адміністратыўнага рэсурсу прадпрыемстваў і арганізацый для прымусу людзей да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні. І ў канцы працоўнага тыдня гэткая практыка набывае наўпрост шалёны характар. З іншага боку, самі камісіі імкнуцца штучна скараціць спісы і выкрэсліць з іх людзей, якія нібыта ў ад’ездзе ці па нейкіх іншых прычынах дакладна не змогуць прыняць удзел у галасаванні. Звычана гэткая інфармацыя атрымліваецца са слоў іх родных наўпрост на ўчастку.
Адзначаюць назіральнікі і ментальныя змены ў паводзінах саміх выбаршчыкаў. Прымус да датэрміновага галасавання ўжо ўспрымаецца насельніцтвам як нешта натуральнае.
- Абурэнне ў многіх людзей выклікае не столькі сам факт неабходнасці галасаваць датэрмінова, колькі недастатковыя, на іх думку, прэферэнцыі за гэткі крок з боку кіраўніцтва. Вось кагосьці з працы дзеля датэрміновага галасавання толькі на гадзіну раней адпусцілі, а на іншым прадпрыемстве ажно паўдні дазволілі прагуляць. Людзі менавіта ў гэтым бачаць несправядлівасць. Некаторыя ўвогуле патрабуюць выходнага дня для датэрміновага галасавання! - кажа адзін з незалежных назіральнікаў Уладзімір Шыла. - Ці вось выпадак. Прыходзіла жанчына рэгістравацца, скажу наўпрост, псеўданазіральніцай ад уладаў. Сказала, што абавязкова прыйдзе на ўчастак назіраць у нядзелю. Пры гэтым узяла бюлетэнь і прагаласавала датэрмінова, бо начальства загадала. Але ж сама сутнасць датэрміновага галасавання палягае ў тым, што чалавек па пэўных прычынах не можа прыйсці менавіта ў дзень галасавання.
Фіксуюцца на ўчастках і іншыя парушэнні. У прыватнасці, для апячатвання скрыняў для галасавання замест сургуча масава выкарыстоўваецца пластылін. Як з сумам жартуюць самі назіральнікі, ва ўмовах існуючай ўнікальнай беларускай эканамічнай мадэлі, відаць, тэхналогія выкарыстання сургуча пакуль застаецца недаступнай для ўсіх выбарчых камісій.
“Праваабаронцы за свабодны выбары”