На Ахоцкай выбарчай акрузе прасоўваюць сацыял-спартоўца?
На такую думку наводзіць фотаздымак з фае сярэдняй школы №172 Заводскага раёна Мінска, у якой знаходзяцца выбарчыя ўчасткі № 7-9.
На стэндзе, побач з агульным, устаноўленага ўзору, інфармацыйным плакатам пра чатырох кандыдатаў у дэпутаты, дадаткова змешчана агітацыйная ўлётка кандыдата ад Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі Ігара Русакевіча - першага намесніка генеральнага дырэктара замежнага таварыства з абмежаванай адказнасцю “ІТЭРА-БЕЛ”.
У сувязі з гэтым праваабаронцы нагадваюць, што змяшчэнне агітацыйных матэрыялаў кандыдата ў дэпутаты на выбарчым участку ў дзень галасавання з’яўляецца парушэннем правілаў агітацыі.
Фотаздымкі на сваёй старонцы ў Facebook апублікаваў карыстальнік Міхаіл Мікуліч.
Супернікамі Русакевіча па Ахоцкай выбарчай акрузе №1 з’яўляюцца Ларыса Давыдзенка (Камуністычная партыя Беларусі), Аляксандр Рудакоўскі (Ліберальна-дэмакратычная партыя) і Ілля Дабратвор (Партыя БНФ). Варта адзначыць, што пасля крытыкі “Праваабаронцаў за свабодныя выбары” на сайце адміністрацыі Заводскага раёна з’явілася інфармацыя пра апазіцыйнага кандыдата, звесткі пра якога ў разгар агітацыйнай кампаніі замоўчваліся. Але і зараз інфармацыя пра Дабратвора ў спісе кандыдатаў акругі падаецца апошняй, а не першай, як таго патрабуе алфавітны прынцып змяшчэння.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"