Баранавічы: экс-кандыдат просіць суд прыцягнуць да адказнасці старшыню камісіі
Экс-кандыдат ў дэпутаты Мікалай Чарнавус звярнуўся са скаргай у Брэсцкі абласны суд на неправамоцныя дзеянні старшыні камісіі Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акругі № 21 Ларысы Антонавай. Ён адзначыў, што выбарчая камісія зрабіла ўсё, каб свядома не дапусціць яго выступу на баранавіцкім радыё. Грамадскі актывіст даводзіць, што тройчы 24, 6 і 7 сакавіка сустракаўся са спадарыняй Антонавай. Мікалай Чарнавус лічыць, што старшыня ВК наўмысна не ўнесла яго прозвішча ў спіс кандыдатаў для выступу на радыё. 14 сакавіка і 20 сакавіка ён двойчы пісаў скаргі старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, але кіраўніцтва ЦВК прыняло бок выбарчай камісіі. Каб дабіцца справядлівасці ў вырашэнні свайго пытання, Мікалай Чарнавус звярнуўся спачатку ў Баранавіцкі гарадскі суд. Аднак суддзя Жанна Капачэўская адмовіла Мікалаю Чарнавусу ў распачынанні грамадзянскай справы па скарзе на дзеянні старшыні выбарчай камісіі ў сувязі з яе непадлегласцю суду.
Цяпер грамадскі актывіст звяртаецца ў Брэсцкі абласны суд і просіць адмяніць рашэнне гарадскога суда адносна непадлегласці справы суду і разгледзець яе па сутнасці, а дакладней -- прыцягнуць да адказнасці былую старшыню камісіі Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акругі № 21 Ларысу Антонаву за парушэнне выбарчага заканадаўства і перадузятаць ў адносінах да незалежных кандыдатаў у дэпутаты.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”