Брэсцкі абласны суд абавязаў баранавіцкі суд разгледзець скаргу Мікалая Чарнавуса
Экс-кандыдат ў дэпутаты Мікалай Чарнавус атрымаў адказ з Брэсцкага абласнога суда за подпісам намесніка старшыні Хацько А.П., у якім паведамляецца, што абласны суд абавязвае Баранавіцкі гарадскі суд разгледзець ягоную скаргу.
– Я звярнуўся са скаргай у суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы на незаконныя дзеянні старшыні камісіі Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акругі № 21 Ларысы Антонавай, якая зрабіла ўсё, каб не дапусціць мой выступ на баранавіцкім радыё. Аднак суддзя Жанна Капачэўская адмовіла ў распачынанні грамадзянскай справы па скарзе ў сувязі з яе непадлегласцю суду. Пасля гэтага я звярнуўся ў Брэсцкі абласны суд і прасіў адмяніць рашэнне гарадскога суда і разгледзець справу па сутнасці, а дакладней – прыцягнуць да адказнасці былую старшыню камісіі Ларысу Антонаву за парушэнне выбарчага заканадаўства і перадузятаць ў адносінах да незалежных кандыдатаў у дэпутаты, – паведаміў Мікалай Чарнавус.
Цяпер суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы абавязаны разгледзець скаргу Мікалая Чарнавуса на незаконныя дзеянні старшыні Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акругі № 21 Ларысы Антонавай.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”