Магілёўская міліцыя спыніла адміністрацыйную справу па факту збіцця кандыдата ў дэпутаты
Справа спынена ў сувязі з тым, што адсутнічае склад адміністрацыйнага правапарушэння. Такі адказ атрымаў ад міліцыі экс-кандыдат у дэпутаты ў Магілёўскі гарадскі і абласны Савет Аляксей Паўлоўскі.
З гэтай нагоды актывіст незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці збіраецца пісаць скаргі ў пракуратуру і міліцыю.
Нагадаем, што ў сярэдзіне сакавіка падчас раздачы сваіх агітацыйных матэрыялаў у пад’ездзе доме №122 па вуліцы Грышына на Аляксея Паўлоўскага напалі двое невядомых. Адзін з нападаючых некалькі разоў ударыў Паўлоўскага рукой у твар, пасля чаго пачаў заламваць яму руку.
Пасля сутычкі актывіст прафсаюзу выклікаў міліцыю,па прыезде якой на нападнікаў былі складзены адміністрацыйныя пратаколы аб правапарушэнні. Судмедэкспертыза засведчыла сінякі на правай руцэ ў Аляксея Паўлоўскага.
Прычына нападу на Паўлоўскага з боку невядомы з іх словаў заключалася ў тым, што аднаму з нападнікаў не спадабаліся ўлёткі дэмакратычнага кандыдата.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”